Пятница, 02 декабря 2016 10:09

Музычны літаратурна-паэтычны салон, прысвечаны дню нараджэння Максіма Багдановіча

Апошнімі лістападаўскімі днямі ў Крупскай мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева прайшоў музычны літаратурна-паэтычны салон, прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Яго словы, пакладзеныя на музыку, уражваюць сваёй пранікнёнасцю і меладычнасцю:

 

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла.

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла?

 «Зорка Венера» абудзіла лепшыя пачуцці і ў старшакласнікаў СШ № 1 г. Крупкі, якія разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Аксанай Уладзіміраўнай Бялаўскай прыйшлі на гэту сустрэчу. Вядучая Таццяна Каваленка пазнаёміла з біяграфіяй і творчасцю таленавітага паэта. Далей дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот паведала пра сувязь сям’і Багдановічаў з Крупскім раёнам.

– У гісторыі кожнага  народа ёсць імёны, якімі ён асабліва ганарыцца, – гаварыла Тамара Уладзіміраўна. – Ёсць і такія, якія сталі здабыткам чалавецтва, таму што слава пра іх перайшла межы краіны і часу. Беларускі паэт Максім Багдановіч атрымаў вядомасць, дзякуючы свайму літаратурнаму таленту, грама-дзянскаму подзвігу і чалавечым якасцям. Яго імя заслужана стаіць побач з імёнамі слаўных заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Звонкая ліра Багдановіча, надзвычай багатая па зместу, напоўнена той сілай веры ў свой народ, якая зрабіла паэта адным з прагрэсіўных людзей гэтага часу.

На сустрэчы прагучалі шматлікія вершы паэта і песні на яго словы: «Зорка Венера», «Па-над белым пухам вішняў», «Слуцкія ткачыхі». Прысутныя ўбачылі дакладную копію адзінай прыжыццёвай паэтычнай кнігі М. Багдановіча «Вянок», у якой ёсць і радкі, нібы адрасаваныя нашаму сучасніку:

Жыві і цэльнасці шукай,

Аб шыраце духоўнай дбай.

Творчасць Багдановіча натхняла і натхняе пісьменнікаў і мастакоў. На вечары паэзіі была прадстаўлена карціна мастака-земляка Алеся Ксяндзова «Прысвячэнне. Памяці Максіма Багдановіча». Свой трыпціх «На радзіме» прысвяціў паэту беларускі мастак Віктар Барабанцаў. Партрэт Максіма Багдановіча выканаў і Святаслаў Федарэнка, назваўшы яго «Далёка ад радзімы». Дарэчы, гэтыя работы можна было ўбачыць у каталогах.

Многіх зацікавілі і рэпрадукцыі карцін Барыса Аракчэева: «Дом на вул. Любімскай», дзе жыла сям’я Багдановічаў, «Яраслаўль. Гады вучобы М. Багдановіча ў гімназіі», «Яраслаўль. Апошняя вясна М. Багдановіча ў ліцэі».

Усе прысутныя засталіся вельмі задаволеныя, бо даведаліся шмат новага і цікавага пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча. На небасхіле беларускай паэзіі неўміруча  будзе ззяць зорка таленавітага паэта. Новыя пакаленні будуць захапляцца яго творчасцю і паўтараць:

Будзь жа, век малады,

Поўны светлымі днямі!

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі!

Хрысціна ЖУКАВА,

навуковы супрацоўнік мастацкай галерэі імя Барыса Аракчэева

Прочитано 7230 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://krupki.gov.by/ru/vakansii/item/1474-muzychny-litaraturna-paetychny-salon-prysvechany-dnyu-naradzhennya-maksima-bagdanovicha#sigProId64a85dfb0e