7 красавіка ў Крупскім гістрыка-краязнаўчым музеі па даўняй традыцыі беларусаў правялі абрад-сустрэчу вялікага хрысціянскага свята Дабравешчання. Аднаўленне народных абрадаў, і далучэнне да народнай культуры новых пакаленняў - гэта адзін з неад’емных і асноўных напрамкаў дзейнасці музея.
У гэты дзень пашчасціла з надвор’ем: ярка свяціла ў чыстым блакіце ды ласкава абагравала ўсіх вяснавое сонейка. Радасцю свяціліся тварыкі і вочкі цікаўных хлопчыкаў ды дзяўчынак.А дрэвы, кусты, драўляныя скульптуры на тэрыторыі музея былі ўпрыгожаныя каляровымі шаўковымі стужкамі, бантамі, паветранымі шарамі, птушкамі, выразанымі з паперы. Гучала музыка….
Спачатку вядучая, апранутая ў прыгожы касцюм, навуковы супрацоўнік музея Ала Уладзіміраўна Сасіна, павіншавала ўсіх з вясной і з Дабравешчаннем, расказала пра свята, заклікала ўсіх у карагод разам з харэаграфічным калектывам РЦК. Затым дзеткі газывалі прыкметы на Дабравешчанне, адгадвалі загадкі на вясновую тэматыку, спаборнічалі ў свісце, удзельнічалі ў беларускіх гульнях - усё, як шмат гадоў таму назад …
Раней на Дабравешчанне людзі выпускалі на волю жывых птушак. Удзельні свята таксама выпусцілі на волю кожны сваю птушачку, праўда, выразную з паперы і расфарбаваную прама тут,на месцы, каляровай крэйдай.
Сумненняў няма: сёлета, у Год культуры, у музеі закладзены яшчэ адзін добры звычай – разам сустракаць Дабравешчанне і вясну!