Аб гісторыі стварэння міжнароднага ўбору, карункавых навагодніх шароў і іншых упрыгажэнняў Радзівілаўскага палаца рэпартаж Ларысы Гулякевіч.
Чароўным увасабленнем міжнароднага праекта "Звяжам свет прыгажосцю" стала цудоўная карункавая сукенка. А звязала гэтую прыгажосць, а больш дакладна - аб'яднала залатой ніткай маленькія карункавыя фрагменты, Вольга Старасціна. Яна па электроннай пошце давала індывідуальныя заданні: у якім каляровым адценні, якімі ніткамі і памерам кручка павінны быць звязаныя дэталі ў тэхніцы ірландскіх карунак. У выніку першая "міжнародная сукенка" была створана 40-ка майстрамі з 11 краін свету. Самаму малодшаму ўдзельніку міжнароднага праекта 11 гадоў, самаму старэйшаму - 67.
Звязваць свет прыгажосцю Вольга пачала некалькі гадоў таму, стварыўшы міжнародную школу аматараў ірландскіх карунак. Летась Нясвіжскі замак атрымаў у падарунак навагоднія карункавыя шары, звязаныя таксама майстрамі з розных краін.
Сёлета заданне было пашыранае, і нясвіжскую навагоднюю ёлку ў залатой зале ўпрыгожылі цацкі ў розных тэхніках і стылях на тэму казак і легенд. Аўтары з Расіі, Беларусі, Украіны, ЗША і Канады свае міні-творы мастацтва на міжнародны конкурс "Калядная казка" таксама дасылалі поштай.
І яшчэ адзін навагодні падарунак наведвальнікам Нясвіжскага палаца - экспазіцыя антыкварных карункавых вырабаў з прыватнай калекцыі Вольгі Старасцінай. Гэта карункавая сумачка ручной працы 1846 года нараджэння калісьці ўпрыгожвала калекцыю Крысціяна Дыёра. Некалькі гадоў таму Вольга атрымала яе ў падарунак ад сталай жанчыны на асамблеі каруначніц у Нідэрландах у горадзе Зандам. Дарыльны ліст майстар напісала на планшэце з перакладам на рускую мову. Такім чынам старадаўняе карункавае мастацтва ўбачыла свет.
Аўтарскія бісерныя, вязаныя кручком, размаляваныя, драўляныя і карункавыя работы застануцца ў Нясвіжскім музеі -запаведніку і папоўняць калекцыю радзівілаўскіх навагодніх упрыгажэнняў.