Трохпавярховы будынак дзіцячага садка №4 ужо здалёк прыцягвае ўвагу: вонкава нагадвае скрынку з алоўкамі.
— На Міншчыне ў гэтым годзе зроблены сур'ёзны крок да актыўнага будаўніцтва дашкольных устаноў адукацыі, - кажа намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч. — У Мінскім раёне гэта ўжо чацвёрты дзіцячы сад. Дашкольныя ўстановы, якія мы ўзводзім, адпавядаюць усім нормам. З рабятамі працуе прафесійны персанал.
Садок №4 у Копішчы пабудавалі за 12 месяцаў. Фасад расквечаны яркімі палоскамі, а сцены пакояў і гульнявыя пляцоўкі распісаны "па-дзіцячы".
Укамплектаваны 12 груп: пяць з іх для дзяцей ад 3 да 4 гадоў, чатыры - ад 4 да 5 гадоў, тры - ад 5 да 6 гадоў.
— Гэта пяты дзіцячы сад, які пабудавала кампанія "А-100" для Мінскага раёна. Трэці - для Новай Баравой. І кожнае наша збудаванне лепш папярэдняга. Спадзяюся, што наперадзе ў нас новыя праекты, - распавяла на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця аб'екта член назіральнага савету групы кампаній "А-100" Надзея Матвеёнак.
У дзіцячым садзе №4 створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця дашкольнікаў. Малыя змогуць займацца ў прасторным фізкультурным і музычным залах, наведваць кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Для гульнявых відаў спорту прадугледжана невялікае поле, а вывучыць Правілы дарожнага руху можна будзе ў спецыяльным міні-квартале з дарожнай разметкай.
— Садок забяспечаны ўсім неабходным для дзяцей. На яго тэрыторыі 12 навясных веранд і пляцовак, пясочніцы з кінэтычным пяском, зоны рухальнай актыўнасці з цікавым абсталяваннем. Прычым навесы зроблены з экалагічна бяспечных матэрыялаў, - падкрэсліла загадчыца дашкольнай установы Ларыса Хацкевіч.
Сваіх першых выхаванцаў садок прыме 1 верасня.
— Пакуль яшчэ не ўсё паглядзелі. Спадзяемся, што ўнутры гэтак жа добра, як і звонку, - дзеліцца ўражаннямі Сяргей, які прыйшоў на адкрыццё новага саду разам з сям'ёй. — Жывем у суседнім квартале. У Копішчы пераехалі ў пачатку года. Змянілі сталіцу на невялікі, але ўтульны прыгарад. Інфраструктура тут добрая, жыллё сучаснае.
— Мы чакалі, калі адкрыецца новы дзіцячы садок, каб аддаць сюды дачку на навучанне, - працягвае Вольга, жонка Сяргея. — Ён знаходзіцца практычна побач з нашым домам. Бачу, што абсталяваны выдатна. Дзяўчынка ў нас вельмі актыўная, любіць спорт. Гэты дзіцячы садок, я ўпэўнена, ёй вельмі спадабаецца.
— Падабаецца ўсё, - кажа Сяргей, які гуляў на новай пляцоўцы з маленькай дачкой. — Установа была пабудавана вельмі хутка, ды і якасць на вышыні.