Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хацеў бы дэталёва абмеркаваць пытанні функцыянавання Адміністрацыі Прэзідэнта. Наталлю Качанаву ён павіншаваў з выбраннем на высокую пасаду. "Папрасіў бы вас не расслабляцца, таму што абавязкаў у вас і па ранейшых службовых абавязках будзе дастаткова (я іх ужо анансаваў). Асабліва Мінск (Наталля Качанава курыруе работу ў сталіцы ў якасці ўпаўнаважанага Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА). І Ігару Пятровічу трэба будзе дапамагаць у тым плане, каб ён увайшоў у курс справы хутчэй", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён заўважыў, што з 25 снежня па 10 студзеня - перыяд розных свят і прымеркаваных да іх мерапрыемстваў: "Гэта суцэльныя мерапрыемствы. Практычна кожны дзень з удзелам Прэзідэнта".
"Больш таго - мы цяпер размаўлялі з прэм'ер-міністрам Расіі. І дамовіліся, што, акрамя ўсяго іншага, недзе ў пераднавагоднія дні (не ведаю, як у нас атрымаецца тут, унутры краіны, у сувязі з маім графікам, і ў іх жа свой графік, таксама ўрачыстасці гэтыя) мы недзе сустрэнемся. І не толькі з Прэзідэнтам Расіі, але зможам зверыць гадзіннікі і з прэм'ер-міністрам. Ёсць пытанні, якія датычацца нашых урадаў. І я хацеў бы на пэўныя тэмы, каб гэта размова з Дзмітрыем Анатольевічам (Мядзведзевым. - Заўвага БЕЛТА) адбылася", - заявіў беларускі лідар.
"Ён з задавальненнем згадзіўся, што мы недзе сустрэнемся, знойдзем момант. Кажа, нават і ў Мінск можа прыехаць. Думаю, мы знойдзем месца, дзе сустрэцца. Магчыма, яшчэ давядзецца пасля 20-га (снежня. - Заўвага БЕЛТА) сустрэцца і з Прэзідэнтам Расіі, каб ужо канчаткова расставіць кропкі над "і" па важнейшых пытаннях функцыянавання дзвюх дзяржаў і, галоўнае, нашых эканомік", - дадаў Прэзідэнт.