Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2021 года нумар 56 на перыяд з 1 жніўня па 31 кастрычніка бягучага года зацверджаны памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах.
БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ўстаноўлены ў памеры Br283,46. Гэта на 3,7 працэнта вышэй у параўнанні з нарматывам, які дзейнічаў з 1 мая па 31 ліпеня 2021 года.
Памеры бюджэту пражытачнага мінімуму па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах (у цэнах чэрвеня 2021 года): працаздольнае насельніцтва - Br315,04, пенсіянеры - Br214,91, дзеці ва ўзросце да трох гадоў - Br178,56, дзеці ад 3 да 6 гадоў - Br247,95, дзеці ад 6 да 18 гадоў - Br303,79.
У сувязі са змяненнем таксама аўтаматычна пераглядаюцца існуючыя ў сістэме сацыяльнай абароны розныя надбаўкі і павышэнні, а таксама асобныя сацыяльныя выплаты, што вылічваюцца ад памеру БПМ: памеры дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, сацыяльныя пенсіі, даплаты пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, дапамогі па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, надбаўкі і павышэнні да пенсій, якія прадугледжаны для асобных катэгорый пенсіянераў. Гэтыя выплаты павялічваюцца адпаведна з ростам БПМ на 3,7 працэнта.