12 ліпеня споўнілася восем гадоў, як Беларускі касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі працуе на калязямной арбіце. "Даходы беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый ад выкарыстання тэхнічных рашэнняў, распрацаваных пры стварэнні Беларускай касмічнай сістэмы ДЗЗ, ацэненыя па стандартнай методыцы эфектыўнасці доследна-канструктарскіх работ, па стане на чэрвень 2020 года перасягнулі затраты на яе стварэнне і эксплуатацыю больш як на $27 млн", - сказаў Уладзімір Гусакоў.
Беларуская касмічная сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі стымулявала развіццё ў краіне многіх сумежных галін. На новы тэхнічны і тэхналагічны ўзровень выйшлі распрацоўкі і прадукцыя оптыка-электроннага машынабудавання (ААТ "Пеленг"), мікраэлектронных камплектуючых (ААТ "Інтэграл"), праграмнага забеспячэння, матэрыялаў, камплектуючых устройстваў для касмічных сістэм (Нацыянальная акадэмія навук).
Беларускія касмічныя здымкі выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці больш за 20 прадпрыемстваў і арганізацый 11 рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання краіны. Інфармацыя з БКА ў Беларусі выкарыстоўваецца для забеспячэння нацыянальнай бяспекі, маніторынгу надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, вывучэння стану і прагнозу развіцця прыродных ландшафтаў, сельскай гаспадаркі, вядзення дзяржаўнага зямельнага кадастру, праектавання, рэканструкцыі і будаўніцтва дарог. "Касмічныя здымкі складаюць аснову для стварэння тапаграфічных і навігацыйных карт, шырока прымяняюцца ў геолагаразведцы і аэракасмічнай адукацыі. Можна сказаць, што для многіх інфармацыйных тэхналогій касмічныя даныя з'яўляюцца базай", - адзначыў старшыня Прэзідыума НАН.
"Касмічныя здымкі з Беларускага касмічнага апарата запатрабаваны ў замежных спажыўцоў. Найбольш плённа супрацоўніцтва развіваецца з Расіяй і Казахстанам", - дадаў Уладзімір Гусакоў.
Рашэнне аб стварэнні ўласнага касмічнага апарата і на яго аснове Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі было прынята кіраўніком дзяржавы ў 2003 годзе. БКА паспяхова выведзены на арбіту 12 ліпеня 2012 года з касмадрома Байканур. Ён увайшоў у групоўку касмічных апаратаў разам з расійскім "Канопус-В" нумар 1. У студзені 2020 года паміж НАН Беларусі і дзяржкарпарацыяй "Раскосмас" падпісана пагадненне аб пашырэнні магчымасцей гэтый групоўкі за кошт рэсурсу расійскіх касмічных апаратаў "Канопус-В" нумар 3, 4, 5, 6 і "Канопус-В-ІК".