Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 10 Кастрычнік 2022 15:08

Вынікі комплекснай прафілактычнай акцыі падведзены на Крупшчыне

Сёння ў раёне прайшоў другі дзень комплекснай акцыі па адраснай адпрацоўцы домаўладанняў грамадзян. У першую чаргу ўвага ратавальнікаў прыкавана да адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян і інвалідаў, шматдзетных, злоўжываючых і незанятых у эканоміцы грамадзянам.

У нядзелю рэйдавыя групы пабывалі ў аг.Худаўцы, в.Гапановічы, в. Масленка, в. Новая крупка, в. Майск, в. Ротань. У іх складзе работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, суб'екты прафілактыкі.

Пачаўся вучэбна-палявы збор з працоўнай нарады ў Крупскім РЦК, на якой выступіў намеснік старшыні Крупскага РВК Андрэй Вараб'ёў і нацэліў усіх на плённую працу. Затым галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Павел Волчак і начальнік аддзела нарматыўна-тэхнічнай работы і папярэджання надзвычайных сітуацый Мінскага абласнога ўпраўлення Уладзімір Максімовіч правялі з прысутнымі інструктаж па праверцы домаўладанняў і запаўненні справаздачных дакументаў, агучылі кіраўнікоў груп, уручылі спісы дамоў і наглядна выяўленчую прадукцыю. На камфартабельных аўтобусах усе выехалі ў абазначаныя населеныя пункты.

- Навучальна-палявыя зборы ў курсантаў - гэта добрая практыка для іх, - адзначае ў дарозе першы намеснік начальніка Крупскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Канькоў. - Сёння будучыя ратавальнікі, праводзячы паадрасны абыход домаўладанняў, могуць на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах жывуць грамадзяне розных катэгорый, як яны ставяцца да ўласнай бяспекі. Курсанты ж, валодаючы ведамі аб прычынах пажараў, могуць паказаць гаспадару, дзе ёсць небяспечнае парушэнне, навучыць, як яго ўстараніць, тым самым прадухіліць трагедыю. Там, дзе грамадзяне «несвядомыя», убачаць у працы прафілактычную схему ўзаемадзеяння суб'ектаў прафілактыкі. Тады праблемы вырашаюцца разам. Але ўсё роўна - сёння, на першым этапе, галоўнае выявіць «небяспечныя» домаўладаннi…

Заходзім па адным адрасе. Нас сустракаюць на парозе пажылыя людзі, у хаце бегаюць унукі.

-Добры дзень! Праверка домаўладанняў грамадзян на прадмет пажарнай бяспекі, - паведамляе курсант. Дазвольце прайсці ў дом.

Гаспадары сардэчна нас вітаюць, дэманструюць газавы кацёл (печаў няма), новую праводку, пракладзеную ў корабах. На столі ў кухні аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Правяраем - спраўны! Уручае памятку па бяспецы і рушым далей.

Наступны адрасат - новы дом, дыхтоўны рамонт, а вось пажарнага апавяшчальніка яшчэ няма. Расказваем аб ролі прыбора ў папярэджанні пажару, прыводзім прыклады з жыцця. Гаспадары згаджаюцца. Абяцаюць ужо заўтра набыць і ўстанавіць АПА.

А вось у наступным домаўладанні ўжо з бяспекай ёсць пытанні. І не мудрагеліста – досыць кінуць поглядам вакол: цыгарэтныя недакуркі на прадтопачным лісце, пад крэслам – пустая бутэлька з-пад алкаголю, печ патрабуе рамонту – шматлікія расколіны па паверхні, ды і электрычная праводка выклікае трывогу…Пра апавяшчальнік можна не пытаць. Курсанты крыху разгубленыя ад убачанага. Ну што ж - і такія «гаспадары» таксама ёсць. Праводзім тлумачальную працу, уручаем напамінак. Сыходзім з трывожным сэрцам…

Чарговы адрас. Печ свежапамазана, у астатнім пытанняў няма. Праводка, лічыльнік у парадку. Правяраем пажарны апавяшчальнік - няма элемента харчавання. Праводзім тлумачальную працу.

— Гэта былая шматдзетная сям'я, — расказвае старшыня Крупскага сельвыканкама Сяргей Хацкевіч. - Цяпер трое дзяцей ужо паўналетнія. Да сям'і заўсёды пытанні былі.

І так з дому ў дом... Шэсць населеных пунктаў Крупскага сельсавета. За два дні - 9. Падчас акцыі ратавальнікі і курсанты нагадвалі жыхарам Крупшчыны аб важнасці захавання правілаў пажарнай бяспекі ў жылых і дачных дамах, у гаспадарчых пабудовах, лазнях, гаражах, расказвалі грамадзянам аб неабходнасці выканання патрабаванняў пры распальванні вогнішчаў і спальванні смецця, аб тым , як пазбегнуць небяспечных сітуацый і не атрымаць траўмы ад адкрытай крыніцы агню, уручалі ўлёткі і памяткі прафілактычнай скіраванасці.

І вось падведзены вынікі двухдзённага вучэбна-палявога збору: праверана 612 домаўладанняў, у іх ліку 46 - непрацуючыя адзінокія пажылыя грамадзяне і адзінокія інваліды, 125 - непрацуючыя адзiнока пражываючыя пажылыя грамадзяне i адзiнока пражываючыя інваліды, 28 шматдзетных сем'яў, 21 - злоўжываючыя, 392 – іншыя грамадзяне. У ходзе акцыі было праінструктавана і навучана мерам пажарнай бяспекі 990 чалавек. Паадрасны абход дапамог выявіць факты і парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, і неналежнага ўтрымання малалетніх дзяцей і незабеспячэння бяспечных умоў пражывання пажылых грамадзян і інвалідаў. Таксама выяўлена 14 месцаў пражывання асоб, схільных да злоўжывання спіртнымі напоямі. Ужо заўтра будуць афіцыйна праінфармаваны зацікаўленыя суб'екты прафілактыкі. Наперадзе другі этап - па ўстараненню выяўленых парушэнняў і фактараў, якія ў будучым могуць стаць прычынай пажару.

Чытаць 477 разоў

Галерэя малюнкаў