Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 27 Ліпень 2022 16:28

«Зажынкі» прайшлі на Крупшчыне

Свята прайшло ў СУП «Шчаўры-Агра» - ва ўрочышчы «Маяк», што недалёка ад вёскі Гута. «Гомсельмашаўскія» камбайны сталі ў шэраг. Галоўныя героі свята - старэйшыя камбайнеры з памочнікамі.

Менавіта яны, сельскія працаўнікі, выйдуць на перадавую самай гарачай бітвы - за ўраджай. У адрас хлебаробаў - прывітальныя словы і шчыры наказ ад старшыні Крупскага райвыканкама Анатоля Козела.

- У нашых продкаў быў добры звычай - са свята першага снапа пачынаць уборку ўраджаю, - адзначыў кіраўнік раёна. - Уборка хлеба ніколі не была лёгкай. Сёння надышоў той момант, калі ўся ваша праца - тое, што фармавалася практычна з мінулай восені, трэба пацвердзіць ва ўборачнай гарачай пары. Менавіта з уборкі збожжа пачынаецца вынік усёй працы хлебаробаў. Таму давядзецца трымаць іспыт на прафесіяналізм, праявіць арганізатарскія здольнасці, адданасць справе і згуртаванасць. Перад намі стаіць сур'ёзная задача: у максімальна сціслыя тэрміны ўбраць збожжа. Вы выгадавалі годны ўраджай. Але казаць пра вынік можна тады, калі гэта зерне ляжа ў засекі. Адказнасць, якая была падчас веснавых палявых работ, зараз павінна падвоіцца. Упэўнены, што вы справіцеся з пастаўленай задачай. Паважаныя механізатары, вам хачу пажадаць высокіх намалотаў. Каб якасць уборкі была добрай, а родныя і блізкія з разуменнем паставіліся да вашай штодзённай нялёгкай працы да позняга вечара. Моцнага ўсім здароўя, новых працоўных перамог, жыццёвага аптымізму, дабрабыту ў вашых сем'ях, міру, дабра і, вядома ж, добрага надвор'я. А пакуль усё толькі пачынаецца. У добры шлях!

Па народным звычаі, каб сабраць багаты ўраджай, новы хлеб павінен выязджаць на старым. Кіраўніку раёна - каравай з ураджаю мінулага года, як сімвал дастатку і дабрабыту.

Па традыцыі памятны падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў АПК дырэктару сельхазаргарнізацыі, якая гасцінна прымае раённыя «Зажынкі». Дарэчы, ужо ўвайшоўшы ў традыцыю, яшчэ адзін яркі акцэнт свята - конкурс на лепшы сноп, заснаваны райкамам прафсаюза работнікаў АПК. Выстава, трэба сказаць, уразіла крэатыўным падыходам. Зрэшты, як і заўсёды. Аграрыі жартам кажуць: дзень жалі - ноч плялі. У кожным снапе - асаблівы сэнс і адпаведнасць народным традыцыям. Перамога за аграрыямі ААТ «Крупскі райаграсэрвіс». Прафсаюзны лідэр, Валянціна Козел, уручыла дырэктару гаспадаркі падарунак.

Блаславенне на гарачую пару – ад Благачыннага цэркваў Крупскай акругі настаяцеля храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца протаіерэй Мікалая Гміра. Ён асвяціў святой вадой хлебную ніву, тэхніку і тых, хто будзе працаваць на ёй у самую гарачую пару сельскагаспадарчага года. Каб Бог бярог, каб багаты ўраджай сабралі.

Затым пад народныя матывы пайшлі жніцы ў поле першы сноп жаць, а суправаджалі гэта дзеянне яркія нумары ад творчых калектываў Крупшчыны. Снапы, як сімвал багатага жніва, уручылі гасцям свята. Упрыгожаны сноп перадалі і кіраўніку раёна. Анатоль Козел, у сваю чаргу, тройчы пастараўся як мага вышэй падкінуць яго ўверх. Лічыцца, чым вышэй сноп узляціць уверх - тым багацей будзе ўраджай.

Галоўным героям жніва - камбайнерам - духмяныя караваі.

Чытаць 750 разоў

Галерэя малюнкаў