Казімір Малевіч вядомы як заснавальнік супрэматызму - аднаго з найбуйнейшых напрамкаў абстракцыянізму. Ідэі супрэматызму знайшлі шырокае прымяненне не толькі ў жывапісе, але і ў архітэктуры, дызайне, кінематографе.
– Арт-цэнтр «Вулей» адкрыўся ў 2016 годзе, – праводзіць экскурсію для хлопцаў з аздараўленчага лагера «Акварэлькі» раённай гімназіі культарганізатар Крупскага ЦДТ Наталля Дадзіверына. - Ён аб'яднаў юных мастакоў, здольных крэатыўна і нестандартна перадаць на палатне рэальны свет. Назва «Вулей» выбрана не выпадкова. Так называўся інтэрнат маладых мастакоў у Парыжы ў 1910-1920-х гадах, сярод якіх было нямала будучых сусветна вядомых майстроў з беларускіх гарадоў. Гэта Марк Шагал, Хаім Суцін, Осіп Цадкін ды іншыя. На выставе «Паслядоўнікі Малевіча: творчыя і незалежныя» прадстаўлены работы, якія створаны студыйцамі да 100-годдзя ўтварэння творчага аб'яднання «УНОВIС». Юныя мастакі пазнаёміліся з творчасцю супрэматыстаў. І ў сваіх работах выказалі новы погляд на абстрактнае мастацтва - знайшлі ўласны спосаб адлюстраваць свет мастацкімі сродкамі авангарда 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Як вы заўважылі, працы адрозніваюцца арыгінальнасцю, разнастайнасцю форм і колераў, індывідуальнасцю.
Выстава дэманстравалася на розных культурных пляцоўках Беларусі – у Мінску, Нясвіжы, Віцебску, Вілейцы, Капылі, Барысаве. У Крупках экспазіцыя прабудзе да 15 чэрвеня. Выкарыстоўвайце магчымасць наведаць выставу і пагрузіцца ў свет авангарду.