15 красавіка г.Маладзечна сустракаў удзельнікаў Кубка і першынства Мінскай вобласці па лёгкаатлетычным кросе. Паспаборнічаць за права наймацнейшай каманды Мінскай вобласці ў бегу па перасечанай мясцовасці сабралася 16 каманд цэнтральнага рэгіёна.
І, забягаючы наперад, можна сказаць, што асноўная барацьба ва ўсіх узроставых катэгорыях была сярод адвечных каманд-сапернікаў - каманды Крупскага і Маладзечанскага раёнаў!
Пасля сумеснага паспяховага трэніровачнага збору на спартыўна-аздараўленчай базе «Круты Яр» у Барысаўскім раёне, на якім сабраўся ўвесь асноўны склад бегуноў, хлопцы былі ў поўнай гатоўнасці пачаць разбягацца да спаборніцтваў на стадыёне і паказваць добрыя секунды.
На працягу ўсіх спаборніцтваў Крупскія атлеты 9 разоў паднімаліся на п'едэстал гонару. Першымі прызавымі месцамі парадавалі дзяўчаты самай малодшай узроставай групы - Іванова Анастасія і Кандраценка Інэса. З самага старту выбегшы ў лідэры разам з саперніцай з Маладзечна, дзяўчаты паказалі прыгожы і ўпэўнены бег па дыстанцыі, разыграўшы на фінішы тройку прызавых месц. Наймацнейшай аказалася Іванава Анастасія (Бобрскі КПК) – першае месца, другой стала спартсменка з Маладзечна Баравікова Эвеліна, а закрыла тройку прызёраў Кандраценка Інэса (СШ№3).
У малодшых юнакоў забег аказаўся не менш цікавым. Тут уся інтрыга была вакол пераможцы Спартакіяды ДЮСШ і Першынства Рэспублікі Беларусь у бегу на 2000 метраў з перашкодай, маладым і перспектыўным спартсменам з Маладзечна Казаковым Яўгенам і двойчы бронзавым прызёрам вышэйзгаданых спаборніцтваў, але ў бегу , нашым земляком Кухарэнка Станіславам (Халапеніцкая СШ). На працягу ўсёй дыстанцыі хлопцы беглі бок аб бок адзін з адным, аднак на фінішы на гэты раз Яўген аказаўся мацнейшым.
Не менш паспяховымі аказаліся забегі і сярод старэйшых узроставых груп, якія, па большай частцы, былі прадстаўлены выхаванцамі Крупскай ДЮСШ. Гэтыя спартсмены завяршылі падрыхтоўку ў роднай спартыўнай школе і перайшлі на больш высокую ступень падрыхтоўкі, дзе паспяхова прадаўжаюць павышаць сваё спартыўнае майстэрства. Гардзіевіч Данііл стаў трэцім у бегу на 2000 метраў сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння. У юніёрак (2003-2004 год нараджэння) бронзавым прызёрам у бегу на 3000 метраў стала Камароўская Анастасія, а Касцюкевіч Максім размясціўся на другім месцы сярод юніёраў. Сярод моладзі парадавалі высокімі прызавымі месцамі Кабалан Дыяна, якая хутчэй за ўсіх пераадолела дыстанцыю 4000 метраў. У след за сяброўкай па камандзе фінішавала Дзямянкова Валерыя. Трушкоў Аляксандр, які пасля перапынку ў трэніроўках пачынае набіраць нядрэнныя бегавыя кандыцыі, стаў наймацнейшым у бегу на 5000 метраў.
Па выніках каманднага заліку можна канстатаваць факт, што каманда Маладзечанскага раёна выставіла наймацнейшую дружыну за апошнія восем бегавых кросавых сезонаў, што дазволіла ёй пераадолець мяжу ў 400 ачкоў. З вынікам 414 ачкоў гаспадары спаборніцтваў святкавалі перамогу. Каманда Крупскага раёна на гэты раз саступіла, размясціўшыся на другой пазіцыі з вынікам 327 ачкоў. На трэцяй пазіцыі з вынікам у 184 ачкі размясцілася каманда Уздзенскага раёна.
Бягавы сезон толькі пачынаецца, наперадзе нас чакае яшчэ шмат цікавых спартыўных падзей раённага, абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Будзем спадзявацца, што нашы спартсмены яшчэ не раз пацешаць нас высокімі вынікамі і прыгожым, годным суперніцтвам на бегавых дарожках.