Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 02 Сакавік 2022 14:53

Крупскія атлеты зноў з медалямі рэспубліканскіх спартыўных форумаў!

Сярэдзіна лютага была насычана чарадой фінальных рэспубліканскіх спаборніцтваў зімовага сезону па лёгкай атлетыцы.

У першую чаргу хацелася б адзначыць паспяховае выступленне выхаванца аддзялення лёгкай атлетыкі Крупскай ДЮСШ, а цяпер члена нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы - Максіма Касцюкевіча. На спаборніцтвах першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў, якія праходзяць 17-18 лютага ў Магілёве, Максім упершыню паспрабаваў сябе на нязвыклай для яго дыстанцыі - бегу на 2000 метраў з перашкодай. Бег адбыўся вельмі напружаным, спартсмены змагаліся літаральна да апошніх метраў дыстанцыі, але дзякуючы моцнаму характару маладога бягуна, а таксама паспяховаму пераадоленню апошняй перашкоды Максім здолеў выйсці з дадзенага супрацьстаяння лідэрам!

02 03 22 3

НА ФОТА: Касцюкевіч Максім (па цэнтры) - пераможца першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў у бегу на 2000 метраў з перашкодай.

Паралельна з першынствам сярод юніёраў праводзілася аналагічнае першынство, але сярод юнакоў і дзяўчат 2005-2006 гадоў нараджэння. У складзе каманды Мінскай вобласці ад Крупскага раёна было ўключана 4 чалавекі: Буронышава Анастасія, Гардзіевіч Данііл, Рубін Дзяніс і Шавялёў Арцём. У высокай канкурэнцыі са спартсменамі з іншых рэгіёнаў краіны хлопцы не змаглі падняцца на п'едэстал, аднак паказалі добрыя секунды і выступілі па асабістых рэкордах, скончыўшы зімовы сезон на пазітыўнай ноце.

Наступным фінальным спартыўным экзаменам у зімовым лёгкаатлетычным сезоне стала першынство Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў і дзяўчат 2007-2008 года, якое праходзіла 21-22 лютага ў г.Брэсце. У складзе каманды Мінскай вобласці ўдзельнічалі таксама 4 спартсмены.

Па выніках усіх забегаў хлопцы выступілі не горш за першы галоўны старт сезона – спартакіяды ДЮСШ РБ, на якой заваявалі тры медалі – адзін сярэбраны і два бронзавыя медалі. На гэты раз па колькасці і якасці медалёў усё было ідэнтычна, аднак колькасць прызёраў павялічылася на аднаго чалавека!

Кандраценка Інэса (СШ №3 г.Крупкі) паўтарыла поспех спартакіяды і заваявала заслужаны сярэбраны медаль у бегу на 1500 метраў з перашкодай, паказаўшы добры бег ва ўмовах высокай канкурэнцыі!

НА ФОТА: Кандраценка Інэса - у працэсе пераадолення перашкоды на дыстанцыі 2000 метраў з перашкодай.

Паспяхова склаліся забегі ў бегу на 800 метраў у Кухарэнка Станіслава (Халапеніцкая СШ). Паказаўшы роўны бег па дыстанцыі і граматную тактычную барацьбу падчас забегу, Стас заслужана падняўся на трэцюю прыступку пастамента.

НА ФОТА: Кухарэнка Станіслаў (нагрудны нумар 306) пераследуе лідэра ў бегу на 800 метраў у юнакоў.

Трэцім прызёрам рэспубліканскага першынства стала Іванова Анастасія (Бобрскі КПК яслі-сад-СШ). Пасля не вельмі ўдалага выступлення на спартакіядзе ДЮСШ РБ Насця была настроена на добрыя секунды і барацьбу за самыя высокія месцы. Так і атрымалася. У асабістых забегах на дыстанцыі 1500 і 800 метраў яна перапісала два асабістыя рэкорды і размясцілася на 7-ай і 5-ай пазіцыях, зусім крыху не дабраўшыся да тройкі прызёраў. Але на гэтым Насця не спынілася. З вялікім жаданнем яна пагадзілася выступіць у каманднай эстафеце 600+400+200 метраў і, прабегшы другі этап таксама па асабістым рэкордзе, дапамагла заваяваць камандзе Мінскай вобласці і сабе асабіста бронзавую ўзнагароду!

НА ФОТА: Эстафетная каманда Мінскай вобласці (злева направа): Азара Ідрыс, Іванова Анастасія, Юлія Маслоўская - бронзавыя прызёры Першынства РБ па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2007-2008гг.н. у эстафеце 600м+400м+200м.

Характэрна, што леташнія поспехі на рэспубліканскіх стартах Анастасія пачынала таксама з бронзавай узнагароды ў эстафеце ў тым жа Брэсце! Будзем спадзявацца, што надыходзячы год будзе яшчэ больш паспяховым, чым папярэдні.

Хацелася б адзначыць і Краўчанка Вераніку, якая не змагла ўвайсці ў тройку прызёраў у бегу на 60 і 200 метраў, аднак паказала высокія, для свайго ўзросту, секунды на ўзроўні першага дарослага разраду. З такой тэндэнцыяй і пры паспяховай міжсезоннай падрыхтоўцы Вераніка цалкам здольна нас усіх здзівіць і парадаваць.

Зімовы лёгкаатлетычны сезон падышоў да канца. Ён выдаўся вельмі няпростым па розных прычынах, але на радасць трэнерам, спартсменам, балельшчыкам і ўсім неабыякавым, стаў адным з самых паспяховых за апошні час: за перыяд з лістапада па люты Крупскім лёгкаатлетам удалося заваяваць больш за трыццаць прызавых месцаў у спаборніцтвах абласнога ўзроўню і 8 медалёў з рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Наперадзе невялікі аднаўленчы перыяд, а далей планамерная і яшчэ больш старанная падрыхтоўка да вясновых і летніх стартаў!

Чытаць 554 разоў

Галерэя малюнкаў