Выступленню каманды КРУПСКАЙ ДЮСШ на рэспубліканскім форуме папярэднічала чарада адборачных спаборніцтваў абласнога ўзроўню і абумоўлена не простай падрыхтоўкай ва ўмовах снежнай і марознай зімы, а таксама неабходнасцю штотыднёвых выездаў на вучэбна-трэніровачныя заняткі ў г.Мінск, для трэніровак у лёгкаатлетычным манежы – умовах, максімальна набліжаных да спаборніцкіх. Юныя атлеты стойка перанеслі ўсе этапы падрыхтоўкі, дзякуючы гэтаму добры вынік не прымусіў сябе чакаць!
У першы дзень спаборніцтваў крупскія бегуны адзначыліся адразу двума медалямі: Кандраценка Інэса (СШ №3 г.Крупкі) у бегу на 1500 метраў з перашкодай ва ўпартай і прыгожай барацьбе заваявала сярэбраную ўзнагароду, скінуўшы з асабістага рэкорду 10 секунд!
НА ФОТА: Кандраценка Інэса (нагрудны нумар 307) у барацьбе за сярэбраную ўзнагароду у бегу на 1500 метраў з перашкодай. (ФОТА – БФЛА)
НА ФОТА: Кандраценка Інэса (злева) - сярэбраны прызёр спартакіяды ДЮСШ Рэспублікі Беларусь у бегу на 1500 метраў з перашкодай. (ФОТА – БФЛА)
Прабегшы таксама па асабістым рэкордзе 1500 метраў гладкіх, але, на жаль, саступіўшы ў фінішнай барацьбе сапернікам з Віцебскай і Брэсцкай абласцей, бронзавую ўзнагароду рэспубліканскай спартакіяды заваяваў Кухарэнка Станіслаў (Халапеніцкая СШ).
НА ФОТА: Кухарэнка Станіслаў (справа) - бронзавы прызёр спартакіяды ДЮСШ Рэспублікі Беларусь у бегу на 1500 метраў. (ФОТА – БФЛА)
Другі дзень спаборніцтваў, на думку многіх спецыялістаў, гледачоў, балельшчыкаў і саміх спартсменаў быў адзначаны разлютаванай барацьбой у бегу на 3000 метраў у дзяўчат – кожны круг лідэр забегу мяняўся, да апошняга кіламетра складана было вызначыць, хто ж на самой справе стане пераможцам. У разборкі за тройку наймацнейшых на дадзенай дыстанцыі ўступіла і наша бягунка, Кандраценка Інэса, якая мела на момант старту адзін з лепшых вынікаў у сезоне па краіне ў сваім узросце. На працягу ўсёй дыстанцыі Інэса неаднаразова ўзначальвала забег і навязвала барацьбу саперніцам. Па выніку, у стомнай, бескампраміснай барацьбе Інэса заваявала бронзавую ўзнагароду, стаўшы двухразовым прызёрам спартакіяды ДЮСШ Рэспублікі Беларусь..
НА ФОТА: Прызёры ў бегу на 3000 метраў у дзяўчат: Кандраценка Інэса (справа) – бронзавы прызёр. (ФОТА – БФЛА)
Не ва ўсіх хлопцаў з каманды КРУПСКАЙ ДЮСШ атрымалася на сто працэнтаў рэалізаваць свой патэнцыял: на некаторых адбіўся не лепшы фізічны стан, камусці не пашанцавала з папярэднімі забегамі, хтосці не справіўся з хваляваннем, але - гэта спорт і перамагае ў ім наймацнейшы.
Тым не менш, кожны з удзельнікаў каманды хлопцаў здолеў даць заліковыя ачкі ў агульную скарбонку каманднага першынства. Дзякуючы гэтаму, каманда КРУПСКАЙ ДЮСШ з агульнай сумай у 55 ачкоў размясцілася на ганаровым ТРЭЦІМ МЕСЦЫ сярод раённых ДЮСШ Рэспублікі Беларусь. Другое месца з аднолькавай сумай у 55 ачкоў, аднак, найлепшай якасцю прызавых месцаў заняла каманда Смаргоньскай ДЮСШ Гродзенскай вобласці. Перамогу ў камандным першынстве з перавагай усяго ў 5 ачкоў святкавала каманда СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці - 60 ачкоў і першае месца.
Сярод каманд гарадскіх спартыўных школ перамогу атрымала ДЮСШ Полацка, другое месца ў Мінскага цэнтра алімпійскага рэзерву «Атлет» і трэцяе месца ў Гомельскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву.
Гэтымі спаборніцтвамі зімовы сезон не заканчваецца, наперадзе яшчэ чарада важных стартаў і мы вельмі спадзяемся, што прозвішчы крупскіх хлопцаў яшчэ не аднаразова будуць адзначаны на самых высокіх месцах выніковага пратакола будучых спартыўных лёгкаатлетычных мерапрыемстваў..