- Новая кацельня магутнасцю 7 МВт - камбінаваная. Абсталяванне магутнасцю 5 МВт - на мясцовых відах паліва, магутнасцю 2 МВт - на прыродным газе, - тлумачыць начальнік кацельні Рустам Саттараў. - Кацельня спажывае каля 8 тысяч тон торфу ў год, які закупляем у мясцовага прадпрыемства «Туршоўка».
А гэта значыць, што ўсе грашовыя сродкі будуць заставацца ў Крупскім раёне. Эфектыўнасць ад дадзенай кацельні дапаможа зэканоміць на блакітным паліве і павялічыць долю мясцовых відаў паліва. Новая кацельня дазволіць эканоміць больш за 100 тысяч у год, і, што важна, тарыфы для насельніцтва зменшацца.
- Гэты аб'ект знакавы для горада, - падкрэслівае старшыня Крупскага райвыканкама Анатоль Козел. - Новая кацельня дасць штуршок развіццю жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўсяго раёна і мясцовага торфаздабыўнага прадпрыемства «Туршоўка». Яшчэ адным важным момантам стане тое, што гэты аб'ект дазволіць знізіць фінансавую нагрузку на ЖКГ і павялічыць заработную плату на прадпрыемстве.
Кошт аб'екта каля 8 мільёнаў рублёў. Фінансаванне ажыццяўлялася з трох крыніц. 50% - з інвестыцыйнага фонду Мінэнерга. Астатняя частка легла на плечы абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.
Дарэчы, будаўніцтва новай кацельні пацягнула за сабой і ўзвядзенне новай ТП з сучасным абсталяваннем.
- З будаўніцтвам новай кацельні апынуліся недастатковымі магутнасці на наяўнай трансфарматарнай падстанцыі, якая абслугоўвала не толькі нашу кацельню, але і жылыя дамы мікрараёна, - дадае намеснік старшыні Крупскага райвыканкама Анатоль Ганчар. - У сувязі з павелічэннем падключанай электрычнай нагрузкі было прынята рашэнне аб будаўніцтве новай ТП з сучасным абсталяваннем. Яна ўжо ўстаноўлена. Да яе ж перападключылі не толькі прамысловыя аб'екты, але і жылфонд.