Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 02 Чэрвень 2021 16:52

У Крупках адкрылася новая гасцініца «Hotel» ў ГЦ «К-сіці»

Цырымонію адкрыцця правялі старшыня Крупскага райвыканкама Анатоль Козел і дырэктар ТАА «Рыч-сіці» Яўген Куляй.

Чырвоная стужка перарэзана - сардэчна запрашаем.

- Адкрыццё гасцініцы - значная падзея для нашага горада, - адзначыў кіраўнік раёна. - Мы будуем жыллё, а вось аб'екты гасцінічнага тыпу ў нас адкрываюцца нячаста. Гэта і камфортнае знаходжанне гасцей, і дадатковыя працоўныя месцы. А яшчэ гэта візітная картка Крупак. Жадаю ўдачы і поспехаў у гэтай сферы дзейнасці.

Далей прысутныя прайшліся па паверхах гасцініцы, зазірнулі ў камфортныя нумары.

- Ідэя адкрыць гасцінічны комплекс узнікла ў 2011 годзе, калі ішла мадэрнізацыя ў сельскай гаспадарцы, - распавядае Яўген Куляй. - Узводзіліся і рэстаўравалiся аб'екты аграпрамысловага комплексу. У раён прыбывалі працоўныя будаўнічых спецыяльнасцяў, і ім не было дзе спыніцца. Нам вельмі доўга рабілі праект, таму будаўніцтва зацягнулася. Адкрыць гасцініцу планавалі ў мінулым годзе - у Год малой радзімы. Але з-за эпідэміялагічнага становішча некаторыя працы былі прыпынены. У гасцініцы 27 нумароў на 55 чалавек. Гэта аднамесныя, двухмесныя, трохмесныя нумары і адзін VIP-нумар. На сённяшні дзень мы запусцілі сем нумароў на першым паверсе, у гэтым месяцы запускаем другі паверх, і ў ліпені-жніўні будзе функцыянаваць трэці паверх. У гасцініцы прадугледжаны аздараўленчы блок - гэта сауна, більярд і масажны кабінет. Гэтымі паслугамі могуць скарыстацца не толькі кліенты гасцініцы, але і ўсе жадаючыя. На трэцім паверсе канферэнц-зала на 50 пасадачных месцаў. Ва ўсіх нумарах ёсць доступ да інтэрнэту, кандыцыянеры. Прадугледзелі і безбар'ернае асяроддзе. Прадстаўляем дадатковыя паслугі - прасаванне і мыццё бялізны. Мяркуецца адкрыццё міні-бара для кліентаў. Упэўнены, што паслугі гасцініцы будуць запатрабаваны.

Чытаць 707 разоў

Галерэя малюнкаў