Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 11 Сакавік 2021 18:33

Падлёдная лоўля рыбы на зімовую вуду

6 сакавіка 2021 года на возеры Сялява адбыўся Чэмпіянат Крупскага раёна па падлёднай лоўлі рыбы на зімовую вуду ў праграме круглагадовай спартакіяды сярод працоўных калектываў 2021 года.

У 7.30 раніцы ўдзельнікі спаборніцтва сабраліся на зоне адпачынку «Камсамольскі бераг» аг. Калоднiца.

Па ўмовах спаборніцтваў колькасць каманд ад адной арганізацыі не абмяжоўвалася. Склад каманды - 3 чалавекі. Спаборніцтвы асабіста-камандныя.

У Чэмпіянаце прынялі ўдзел 7 каманд.

Пасля ўрачыстага пастраення рыбакі падзяліліся на тры сектары і па свістку галоўнага суддзі прыступілі да лоўлі рыбы.

Згодна з правіламі спаборніцтваў лавіць рыбу дазвалялася толькі на адну вуду на працягу трох гадзін. На першых хвілінах спаборніцтваў пачаліся паклёўкі. І вось, Карань Ігар (Крупскі РАНС) першым вывудзіў акуня. Дарэчы сказаць, у рэйтынгу рыбакоў ён заняў 9 месца, набраўшы 733 ачкі.

Свяціла яркае сонца, і час спаборніцтваў прамчаўся незаўважна. Прагучаў трэці свісток суддзі, і ўсе рыбакі спынілі вудзіць і сталі чакаць суддзяў.

Суддзі падышлі да кожнага рыбаку, пералічылі жывую рыбу, якая знаходзілася ў вёдрах з вадой, і склалі ўлоў у індывідуальныя прамаркіраваныя пакеты.

Вынікі спаборніцтваў падводзіліся па вазе ўлову і колькасці злоўленых рыб.

Наступіў момант узнагароджання. Па выніках спаборніцтваў у асабістым першынстве абсалютным пераможцам стаў Каравай Дзмітрый, набраўшы 1820 ачкоў.

Другое месца заняў Клюня Сяргей, набраўшы 1201 ачко.

Бронзавым прызёрам стаў Малашчанка Аляксей, набраўшы 1109 ачкоў і апярэдзіўшы ўсяго на 10 ачкоў Калюжнага Віталя.

Пераможца і прызёры ўзнагароджаны граматамі ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама і медалямі.

У камандным заліку (па ўмовах спаборніцтваў узнагароджвалася толькі адна каманда ад арганізацыі) пераможцам і прызёрамі сталі:

I месца - каманда філіяла «Крупскае УМГ» ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» № 1 (Рапiцкi Віталь, Каравай Дзмітрый і Азрэлеў Міхаіл);

II месца - каманда Крупскага РАНС (Карань Ігар, Анпілогаў Канстанцін і Зуёнак Дзмітрый);

III месца заняла каманда УАЗ «Крупская ЦРБ» № 2 (Каравацкі Сяргей, Рухлiнскi Аляксандр і Дывульскi Мікалай).

Каманда-пераможца ўзнагароджана кубкам і граматай упраўлення па адукацыі, спорту і турызму, члены каманды - медалямі і граматамі.

Каманды, якія занялі 2 і 3 месцы, узнагароджаны граматамі, члены каманд - медалямі і граматамі.

Чытаць 744 разоў

Галерэя малюнкаў