На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Козел, намеснік старшыні Мінскага абласнога камітэта Аляксандр Кручанаў.
- Сёння знамянальны і доўгачаканы дзень, які запомніцца многім з прысутных тут на ўсё жыццё, - адзначыў Анатоль Козел. - Увод у эксплуатацыю новага дома - вялікае свята для ўсіх нас. У нашым раёне 148 шматдзетных сем'яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І сёння гэтая лічба паменшыцца на 40.
Старшыня райвыканкама павіншаваў навасёлаў з выдатнай падзеяй і шчыра пажадаў, каб гэтыя новыя кватэры сталі для іх астраўкамі выгоды і дабрабыту.
- Прыемна адзначыць, што гэта не апошні дом на вуліцы Новай, - сказаў Аляксандр Кручанаў. - У хуткім часе тут з'явяцца 40-кватэрны і два 60-кватэрныя дамы. Гэта перспектыва для іншых шматдзетных сем'яў. А сёння хай у новых кватэрах загучыць дзіцячы смех!
Урачысты момант - старшыня райвыканкама Анатоль Козел, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Кручанаў, дырэктар ААТ «Будаўнічае ўпраўленне № 153» Рыгор Бойка перарэзалі сімвалічную стужку. Новы дом адкрыты. Сем'ям-навасельцам уручаны ключы ад кватэр. Усе дружна адправіліся па кватэрах.