Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 22 Май 2020 14:41

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта правёў прыём грамадзян у Крупскім раёне

«Праца са зваротамі грамадзян, маніторынг сітуацыі на месцах – гэта пастаянная сістэмная праца Адміністрацыі Прэзідэнта.

 

І мы бачым, што прамыя тэлефонныя лініі, прыёмы грамадзян з выездам у рэгіёны запатрабаваны», - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч у выніковым інтэрв'ю для журналістаў.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта назваў гэта своеасаблівай лакмусавай паперкай, якая дазваляе зрабіць высновы аб сітуацыі ў раёне, аб падыходах мясцовых органаў улады ў працы з людзьмі. А на пытанне, якую выснову ён можа зрабіць аб сітуацыі ў Крупскім раёне, адказаў так:

- Я не хачу перахваліць Крупскі райвыканкам, але па тых зваротах, якія мы паспелі разгледзець, я бачу, што на мясцовым узроўні прымаліся дастаткова адэкватныя меры рэагавання. А там, дзе неабходна падключыць рэспубліканскія органы кіравання, мы абавязкова гэта зробім і прыкладзем максімум намаганняў для вырашэння тых праблем, якія паднялі грамадзяне.

Андрэй Кунцэвіч адзначыў, што, як паказвае практыка, нярэдка за канкрэтнай асабістай гісторыяй можа хавацца сістэмная праблема, якая патрабуе прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў на рэспубліканскім узроўні.

- Прыклад таму - распачатая па даручэнні прэзідэнта праца над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе шэраг палажэнняў як раз быў скарэкціраваны з улікам зваротаў грамадзян – падкрэсліў ён. - У чарговы раз хачу сказаць, што паважлівае, уважлівае стаўленне да людзей ляжыць у аснове нашай дзяржаўнай палітыкі. А зразумелая, даступная і адкрытая сістэма зваротнай сувязі - найважнейшы яе элемент.

На прыём да намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта запісаліся 15 чалавек. Прычым, не толькі з Крупскага раёна. Выказаць свае праблемы прыехалі людзі з Барысава, Дзятлава, Баранавічаў, Валожынскага, Мінскага і Маладзечанскага раёнаў.

Спецыфіка пытанняў досыць традыцыйная для такіх прыёмаў: зямельныя спрэчкі, рэгістрацыя нерухомасці, пытанні юрыдычнага характару, звязаныя судовымі рашэннямі і г. д.

У прыватнасці, намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта папрасілі пасадзейнічаць у разглядзе і вырашэнні такога пытання, як магчымасць афармлення пастаяннай рэгістрацыі ў садовым доміку. Цяпер шматлікія будуюць не проста невялікія домікі, а дыхтоўныя дамы, у якіх маглі б і хочуць жыць. Але заканадаўства дазваляе толькі часовую рэгістрацыю. Пытанне гэта ўжо ўздымалася, разглядалася дзяржаўнымі органамі, у выніку чаго было выпрацавана кансалідаванае меркаванне аб немэтазгоднасці на сучасным этапе ўвядзення магчымасці пастаяннай рэгістрацыі. Усё гэта патрабуе комплекснага разгляду з улікам наступстваў рэалізацыі, паколькі садовыя домікі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам не з'яўляюцца жылымі дамамі. З гэтым звязаны цэлы шэраг пытанняў, у тым ліку стварэнне ўсёй неабходнай інфраструктуры, трансфармацыі садовых таварыстваў у населеныя пункты і гэтак далей.

Але вось як раз у Новым Жыццi, аб якой ішла гаворка, усё гэта ёсць.

- Дык можа тым, у каго створаны гэтыя ўмовы і ёсць уся інфраструктура, і дазволіць? - цікавіўся заяўнік.

- Мы вернемся да гэтай тэмы, я папрашу, каб нашы спецыялісты вывучылі, наколькі гэта тыповая сітуацыя і, можа, ёсць сэнс новаму складу Парламента яшчэ раз разгледзець гэтае пытанне, - адказаў Андрэй Кунцэвіч.

У наступнага заяўніка - іншая праблема. У свой час ён пачаў будаўніцтва дома, толкам не разабраўшыся ў чарговасці сваіх прававых дзеянняў, на неаформленым зямельным участку. І цяпер не можа атрымаць праваўдакладныя дакументы на зямлю і дом. Па законе самавольны будынак падлягае зносу. З гэтай праблемай ён звяртаўся ў райвыканкам. Як адзначыла начальнік землеўпарадкавальнай службы Галіна Лябёдка, да ўсяго іншага там ёсць і горадабудаўнічыя парушэнні. Старшыня Крупскага райвыканкама Анатоль Козел растлумачыў, што, для таго каб дапамагчы гэтаму чалавеку, выканкам звяртаўся ў Дзяржкамітэт па маёмасці і іншыя інстанцыі. Але адказ адназначны - толькі знос. Таму заяўніку прапанавана вызваліць зямельны ўчастак (часова перанесці недабудаваны бярвеністы дом у іншае месца) і ўсё аформіць у рамках заканадаўства.

- Намеснік старшыні па будаўніцтве выедзе да вас яшчэ раз, разгледзім, як граматна да гэтага падысці. Гэта адзіна верны выхад з сітуацыі, – сказаў Анатоль Козел.

Уважліва выслухаў Андрэй Кунцэвіч гісторыю жанчыны, якая не магла атрымаць завешчаныя ёй цёткай грошы. Завяшчанне было складзена ў натарыяльнай канторы горада Салігорска, але там была дапушчана памылка ў напісанні прозвішча. У судовым парадку факт прыналежнасці завяшчання менавіта гэтай жанчыне быў усталяваны. Але, каб атрымаць грошы, трэба пацвердзіць роднасныя адносіны і факт смерці бацькі. З апошнім пытаннем складаней, бо памёр ён даўно, зусім у іншым месцы, прайшло шмат гадоў, і як знайсці дакументы, пажылая жанчына не ведае. Увесь гэты час яна звярталася ў інстанцыі Салігорска, бо там жыла памерлая цётка, але канкрэтную дапамогу і выразныя тлумачэнні не атрымала.

Як варта паступаць у гэтай сітуацыі? У пацверджанні факту смерці бацькі могуць аказаць садзейнічанне органы загс, так лічыць натарыус Крупскай натарыяльнай канторы Галіна Макарэвіч. Яна прапанавала заяўніцы адразу пасля прыёму падрабязную кансультацыю, дзе будзе растлумачаны ўвесь алгарытм дзеянняў: куды, калі і якія дакументы неабходна прадаставіць, пакрокава распісаны ўвесь парадак дзеянняў для вырашэння гэтага пытання.

Разбіраўся намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ў праблемах з вылучэннем зямельных участкаў, спраўнасці асвятлення ў жылым доме, неабходнасці замены плота-агароджы, са скаргамі на вырашэнне прававых пытанняў і г. д.

Многае было растлумачана на месцы, асобныя пытанні патрабуюць дадатковага вывучэння. Усе, хто прыйшоў на прыём, атрымаюць адказы ў пісьмовай форме.

Чытаць 263 разоў

Галерэя малюнкаў