З 15 снежня 2025 па 14 студзеня 2026 года кожны можа стаць часткай вялікай місіі.
Павіншаваць дзяцей з надыходзячымі святамі і адкрыць акцыю прыйшоў старшыня Крупскага райвыканкама Вячаслаў Лапаткo.
– Я ўпэўнены, што і сёлета кожны дарослы адгукнецца на дадзеную акцыю. Яна дае магчымасць прыцягнуць увагу да праблем дзяцінства, аказаць дапамогу дзецям, якія маюць патрэбу ў асаблівым клопаце дзяржавы і грамадства. Ніводнае дзіця нашай краіны не застанецца без падарунка. Дарагія дзецi, любіце, шануеце нашу Радзіму, свой край, цудоўную Крупшчыну. Няхай у гэтыя перадсвяточныя дні спраўджваюцца вашыя мары, - акцэнтаваў Вячаслаў Лапаткo.
Сваімі эмоцыямі падзяліліся маленькія эксперты.
– Я так чакаю гэтае свята. На вуліцы ўсё зіхаціць агнямі, мы прыбіраем ёлку. Яна такая прыгожая, з цацкамі і гірляндамі. Мы з мамай таксама зрабілі ўпрыгожванні сваімі рукамі, - распавяла Ксюша Грыб.
– А мы ўсёй сям'ёй чытаем навагоднія казкі і глядзім мультфільмы. Рыхтуем смачныя пачастункі. Дзеду Марозу заўсёды пішу ліст, прыгатавала і ў тым годзе, - сказала Эльвіра Шчаўроўская.
– Я веру, што ў 2026-м будзе шмат радасці, цікавых прыгод. Кожны год Дзед Мароз і Снягурка прыносяць нам падарункі і весялосць, - заўважыў Ваня Арлоў.
– Чакаю заўсёды моманту, калі гадзіннік б'е дванаццаць. Ён такі чароўны. Мне падабаецца загадваць жаданні і верыць, што яны спраўдзяцца. Самае каштоўнае - праводзіць свята ўсёй сям'ёй, - разважаў Лёша Палоннік.
На працягу месяца прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, лідэры грамадскіх аб'яднанняў, а таксама неабыякавыя грамадзяне падзеляцца часцінкай свайго душэўнага цяпла.