У час прыёму грамадзян старшыня Крупскага райвыканкама Вячаслаў Лапатко разбіраў звароты, звязаныя з землеўпарадкаваннем, будаўніцтвам і добраўпарадкаваннем тэрыторый.
Многія з гэтых праблем можна было б пазбегнуць, калі б людзі больш уважліва ставіліся да афармлення дакументаў і выканання заканадаўства. Прывядзем два паказальныя прыклады. Грамадзянін купіў дом, а з часам аказалася, што фактычныя межы зямельнага ўчастка не адпавядаюць зарэгістраваным. Высветлілася гэта тады, калі сусед стаў афармляць сумежны ўчастак. Справа ў тым, што папярэднія ўладальнікі дома заяўніка пабудавалі падстрэшак і агароджу, якія часткова апынуліся на суседскай зямлі. І зараз, як растлумачылі спецыялісты аддзела землеўпарадкавання, ёсць два варыянты: або легалізаваць участак у рамках дзеючага заканадаўства, унёсшы аплату па кадастравым кошце, або зносіць тое, што на чужой зямлі.
Іншая сітуацыя. Людзі ажыццявілі рэканструкцыю дома ў адсутнасць праектнай дакументацыі, узгодненай з аддзелам архітэктуры і будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Бо пабудова самавольная, ёсць два шляхі рашэння. Першы - можна ў судзе прызнаць права ўласнасці на яе. Другі - звярнуцца ў выканкам за дазволам аб працягу будаўніцтва або прыёмкі ў эксплуатацыю, але спатрэбіцца натарыяльная згода сумежнага землекарыстальніка…
- Па-чалавечы зразумець гэтых людзей можна, - каментуе Вячаслаў Лапаткo. - Але мы дзейнічаем і прымаем рашэнні строга ў прававым полі. - Кожны ведае, што, здзяйсняючы нейкія дзеянні з зямлёй і нерухомасцю, неабходна прадумаць усе нюансы, пракансультавацца з адпаведнымі службамі. Няведанне законаў, як вядома, не вызваляе ад адказнасці. У першым выпадку грамадзяніну трэба было б да ажыццяўлення здзелкі з аб'ектам нерухомай маёмасці звярнуцца па ўдакладненне інфармацыі адносна зямельнага ўчастка ў аддзеле землеўпарадкавання. Дарэчы, з практыкі магу сказаць, што такія выпадкі далёка не адзінкавыя, таму трэба прыслухацца да меркавання спецыялістаў і сабраць інфармацыю загадзя. У другім выпадку грамадзяне абавязаны былі зрабіць і ўзгадніць праект, які б улічваў усе неабходныя нарматывы.
Што рабіць, каб не пападаць у такія сітуацыі? Рэкамендацыі простыя: правяраць юрыдычную чысціню здзелак, выконваць парадак афармлення дакументаў, кансультавацца са спецыялістамі. Усвядомлены падыход да сваіх дзеянняў і здзелак эканоміць рэсурсы, нервы і час. Перш чым прымаць важныя рашэнні, пераканайцеся, што яны адпавядаюць закону - гэта абароніць вас ад лішніх праблем.
Марына Барадаўка