Рана ці позна кожны выпускнік школы - будучы абітурыент - задаецца рытарычным пытаннем "Кім быць?". Хтосьці з лёгкасцю вызначае свой далейшы шлях і траекторыю руху, а хтосьці яшчэ доўга стаіць на раздарожжы. Задача дарослых - дапамагчы выбраць прафесію, якая ў будучыні вызначыць і ўзровень жыцця, і ўнутраны свет чалавека. Праца павінна прыносіць і радасць, і стабільны даход.
Вялікую дапамогу ў вызначэнні будучай прафесіі аказваюць работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. На працягу двух дзён Уладзімір Таўстушка, начальнік аддзела арганізацыі навучання насельніцтва і прафесійнай падрыхтоўкі ўстановы "Мінскае абласное ўпраўленне МНС", разам з прадстаўнікамі Крупскага раённага аддзела па НС наведвалі школы Крупшчыны і праводзілі актыўную прафарыентацыйную работу сярод старшакласнікаў. Задача гасцей - расказаць выпускнікам школ аб самай мужнай прафесіі, умовах паступлення ў навучальныя ўстановы МНС, далейшым праходжанні службы ў АПНС. У ходзе сустрэчы школьнікам былі прадэманстраваны відэафільмы і ўручана наглядна-выяўленчая прадукцыя з падрабязным алгарытмам дзеянняў у выпадку прыняцця рашэння аб паступленні ва ўстанову адукацыі "Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь" або профільныя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. На пытанні, якія ўзнікаюць, будучыя абітурыенты атрымалі самыя кампетэнтныя адказы. А тых, каго сапраўды зацікавіла служба ў МНС, ратавальнікі запрасілі на экскурсію ва ўніверсітэт 24 кастрычніка, каб на свае вочы ўбачыць, якая база сёння створана для падрыхтоўкі будучых ратавальнікаў.
Упэўненыя, што вельмі хутка нехта з гэтых хлопцаў стане курсантам адной з устаноў адукацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Сардэчна запрашаем у рады ратавальнікаў!