Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 24 Люты 2023 11:42

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, прайшло ў РЦК

Перад мерапрыемствам кіраўніцтва раёна ўсклала кветкі да памятнага знака ў горадзе Крупкі. Аддалі даніну павагі і падзякі героям, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны за нашу свабоду і незалежнасць. Яркае лютаўскае сонца - па-сапраўднаму святочны настрой. У холе – выстава навучэнцаў класа малюнка і жывапісу дзіцячай школы мастацтваў. Музычны фон стваралі педагогі школы.

З сур'ёзным выглядам свой «пост» на Алеі славы з фатаграфіямі землякоў – Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, неслі  выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «Рубеж» з Халопеніцкай сярэдняй школы. Сваю нотку непасрэднасці і пазітыву прыўнеслі малыя з дзіцячага сада № 1 – выступалі ўдзельнікі ваенна-патрыятычнага гуртка «Рэзерв».  

У віншаванні старшыня Крупскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Козел адзначыў, што гэта свята з'яўляецца сімвалам непарыўнай сувязі пакаленняў, пераемнасці патрыятычных традыцый.

- Самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці - гэта мір, спакой і стабільнасць, - падкрэсліў кіраўнік раёна. - Служыць мiру, абараняць сваю Радзіму - ганаровы і святы абавязак кожнага грамадзяніна краіны. Таму 23 лютага - гэта свята тых, хто абараняў нашу краіну ва ўсе часы. Гэта свята і тых, хто дастойна служыць нацыянальным інтарэсам Радзімы і сёння, працягваючы слаўныя традыцыі сваіх продкаў. Адвага, гонар і доблесць - вось тыя якасці, на якіх выхоўвалася не адно пакаленне людзей у нашай краіне. Мы - мірныя людзі, і для нас няма большай радасці, чым спакойна жыць і працаваць на роднай зямлі. Сёння мы аддаём даніну ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам баявых дзеянняў у гарачых пунктах. Ваш подзвіг, мужнасць і гераізм з'яўляюцца дастойным арыенцірам і прыкладам сапраўднага патрыятызму для моладзі нашага раёна. Асаблівыя віншаванні ў гэты дзень, тым, для каго абарона Радзімы стала справай усяго жыцця.

Анатоль Козел выказаў упэўненасць, што мужчына, незалежна ад ступені знаёмства з вайсковым рамяством, як бы ні складалася яго жыццё, заўсёды гатовы абараніць сваю Радзіму. Пажадаў усім міру, радасці, дабра, здароўя, поспехаў у службе і працы.

За актыўную работу па выхаванні ў падрастаючага пакалення адказнасці за абарону сваёй Радзімы, патрыятызму, прапаганду ваеннай службы Падзяка старшыні Крупскага раённага выканаўчага камітэта аб'яўлена Канстанціну Яравому, намесніку камандзіра вайсковай часці 29253 – галоўнаму інжынеру.

Чытаць 209 разоў

Галерэя малюнкаў