Першым значным стартам у лютым сталі спаборніцтвы Спартакіяды дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь (далей - ДЮСШ). У дадзеным старце спаборнічалі юнакі і дзяўчаты 2006-2007 гадоў нараджэння ў асабістым першынстве і наймацнейшыя каманды ДЮСШ краіны - па 4 каманды, дзве раённыя і дзве гарадскія ДЮСШ, ад кожнага рэгіёну. Сустракаў спартакіяду самы паўднёвы рэгіён нашай краіны - горад Брэст.
Найбольшых поспехаў дасягнулі спартсмены-выхаванцы Крупскай ДЮСШ, якія выступаюць у складзе каманды роднай школы, але перайшлі ў вышэйшае звяно падрыхтоўкі для ўдасканалення свайго спартыўнага майстэрства.
Інэса Кандраценка, нягледзячы на не зусім спрыяльную перадсезонную падрыхтоўку і змену ўмоў трэніровачнага працэсу ў сувязі з паступленнем у Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылiшча алімпійскага рэзерву, здолела настроіцца і з усёй адказнасцю падысці да рэспубліканскага старту. Вынікам дадзенага настрою стала адразу дзве бронзы - у бегу на 3000 метраў і 1500 метраў з перашкодай.
На здымку: Кандраценка Інэса фінішуе на дыстанцыі 1500 метраў з перашкодай у рангу бронзавага прызёра зімовай Спартакіяды ДЮСШ РБ (фота – BFLA).
Яшчэ адзін выхаванец Крупскай ДЮСШ, Гардзіевіч Данііл, ужо другі год ажыццяўляе падрыхтоўку ў Мінскай абласной сярэдняй школе-вучылішчы алімпійскага рэзерву. Паказаўшы смелы і ўпэўнены бег, змагаючыся да апошніх метраў дыстанцыі, Данік заваяваў сярэбраную ўзнагароду ў бегу на 2000 метраў і тым самым уляцеў у топ наймацнейшых бегуноў свайго ўзросту.
На здымку: Гардзіевіч Данііл (нагрудны нумар 322) пераадольвае перашкоду на дыстанцыі 2000 метраў з перашкодай (фота – BFLA).
На здымку: Гардзіевіч Данііл і Кандраценка Інэса – прызёры Спартакіяды ДЮСШ РБ сярод юнакоў і дзяўчат 2006-2007 гадоў нараджэння (фота – BFLA).
Адразу пасля заканчэння спаборніцтваў у Брэсце ўвесь фокус быў перанакіраваны на іншы абласны рэгіён - горад Гомель, дзе з 9 па 11 лютага спаборнічалі каманды юнакоў і дзяўчат 2008-2009 года нараджэння.
Каманда малодшай узроставай групы складалася са спартсменаў-навучэнцаў, якія на дадзены момант трэніруюцца на аддзяленні лёгкай атлетыкі і толькі плануюць у перспектыве пераходзіць на больш высокую прыступку падрыхтоўкі. І нягледзячы на гэта хлопцам удалося выступіць не горш за старэйшую ўзроставую групу і даказаць сваю канкурэнтаздольнасць.
Краўчанка Вераніка, навучэнка ДУА «Крупская раённая гімназія», якая зусім нядаўна выканала нарматыў кандыдата ў майстры спорту на самай кароткай дыстанцыі - 60 метраў, ехала на рэспубліканскія спаборніцтвы ў рангу прэтэндэнткі на самыя высокія месцы.
На здымку: Краўчанка Вераніка рыхтуецца да старту наймацнейшага фінальнага забегу на 60 метраў (фота – BFLA).
Вераніка без праблем адабралася ў фінальную частку спаборніцтваў і ў фінальным забегу, ва ўпартым супрацьстаянні, вынік якога змог вызначыць толькі фотафініш, здолела заваяваць сярэбраны медаль.
На фота: Пятровіч Кірыл - фінішуе ў фінальным забегу на 3000 метраў (фота - BFLA).
Другім сярэбраным медалём нас парадаваў Пятровіч Кірыл, вучань ДУА «Сярэдняя школа №3 г.Крупкі» на самай доўгай дыстанцыі ў 3000 метраў. У моманце, падчас бегу па дыстанцыі, падалося, што сілы пакідаюць яго, але ўпартыя трэніроўкі і моцны характар зрабілі сваю справу - прабегшы другую палову дыстанцыі хутчэй за многіх супернікаў, Кірыл здолеў заваяваць срэбра Спартакіяды.
Па выніках выступу ў камандным заліку абедзве нашы каманды апынуліся ў сярэдзіне пратакола, заняўшы шостае каманднае месца, саступіўшы зусім няшмат ачкоў прызавой тройцы.
Паралельна выступленню юнакоў на рэспубліканскіх спаборніцтвах, каманда дарослых спартсменаў змагалася за прызавыя месцы ў рамках Чэмпіянату Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы. Найбольшых поспехаў дасягнуў трэнер-выкладчык Крупскай ДЮСШ Барабаншчыкаў Арцём, які здолеў паказаць дастаткова хуткія секунды і атрымаў перамогі ў бегу на 1500 і 3000 метраў.
Па выніках каманднай барацьбы дарослая каманда Крупскага раёна заняла трэцяе месца ў зімовым Чэмпіянаце Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы, уступіўшы зусім няшмат ачкоў камандзе Уздзенскага і Маладзечанскага раёнаў.
Заключным, з мiнуўшых спаборніцтваў, стала выступленне нашых самых малодшых спартсменаў у адкрытых спаборніцтвах Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2009 года нараджэння і маладзейшых.
Найбольшых поспехаў дасягнула Грышанкова Анастасія, вучаніца ДУА «Сярэдняя школа ім. У.А. Крыштопенка п. Крупскі », якая прыехаўшы з рэспубліканскіх стартаў, заваявала трэцяе месца ў бегу на 600 метраў і другое месца ў бегу на 2000 метраў, пацвердзіўшы званне аднаго з наймацнейшых бягуноў на цягавітасць у сваёй узроставай групе. Таксама парадавалі Пятровіч Вікторыя (ДУА «Сярэдняя школа №3 г.Крупкі») і Сарафiновiч Мілана (ДУА «Сярэдняя школа ім.В.А. Крыштапенка п. Крупскі»). Віка, нягледзячы на свой юны ўзрост і той факт, што яна малодшай сваіх супернікаў на два-тры гады здолела паказаць вельмі хуткія секунды і заняць трэцяе месца, прыбегшы ўслед за сваёй сяброўкай па камандзе. Мілана ў сур'ёзнай канкурэнцыі таксама паказала годныя секунды для свайго ўзросту і размясцілася на трэцім радку выніковага пратакола ў бегу на 300 метраў.
Зыходзячы з паказаных вынікаў, можна з упэўненасцю сказаць, што ўслед за больш дарослымі спартсменамі, падрастае не менш таленавітае пакаленне бегуноў, якое, у хуткім часе, будзе радаваць нас высокімі вынікамі не горш, чым іх старэйшыя таварышы па трэніровачным працэсе.
Наперадзе фінальныя старты зімовага сезона - з 21 па 23 лютага ў г.Гомелі пройдзе Першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2006-2007 гадоў нараджэння, а з 28 лютага па 1 сакавіка ў г.Брэсце пастараюцца паказаць свае самыя хуткія секунды юнака і дзяўчаты 2008-2009 гадоў нараджэння.
У гэтых спаборніцтвах будуць удзельнічаць зборныя рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. У старэйшым узросце прадстаўніцтва Крупскага раёна налічвае пяць чалавек, у малодшым - шэсць.
Пажадаем рабятам хуткіх секунд і паспяховых стартаў!