Светлае, камфортнае і прасторнае памяшканне, цікавыя дызайнерскія рашэнні, сучаснае абсталяванне - гэта ўжо зусім іншая школа. Але разам з тым такая ж родная і любiмая. Здаецца сімвалічным, што ў Год гістарычнай памяці было прынята рашэнне не ўзводзіць новы будынак, а зрабіць менавіта рэканструкцыю. Прычым у рэкордна кароткі час.
На ўрачыстую лінейку сабраліся вучні, педагогі, ганаровыя госці, усе, хто дапамагаў будаваць школу. Адчувалася асаблівая ўрачыстая атмасфера, прыемнае хваляванне і прыўзняты настрой.
Сваё абяцанне добра вучыцца і дасягаць вышынь у ведах далі самыя маленькія вучні - усё гэта прагучала ў наіўных і кранальных вершах. І, вядома ж, ім, першакласнікам, - сімвалічны ключ. Яго ўручылі прадстаўнікі генеральнага падрадчыка - ААТ "Будкомплекс"
І вось урачысты момант - гучаць фанфары, а далей - першы школьны званок. Што ж, сёння ў школы сапраўдны Дзень нараджэння.
Вітаў удзельнікаў лінейкі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Маркевіч. Ён адзначыў, што ў Крупках сёння сапраўды гістарычнае свята.
Ад Мінскага аблвыканкама дырэктару школы Ірыне Ярышкінай уручаны сертыфікат на набыццё абсталявання для STEM-цэнтра. Яна ў слове ў адказ запэўніла, што навучэнцы школы і далей будуць актыўна праслаўляць нашу Радзіму сваімі дасягненнямі і перамогамі.
- З кожным годам мяняецца аблічча Крупак, адзначыў у сваім выступленні старшыня Крупскага райвыканкама Анатоль Козел. - Будаўніцтва новых аб'ектаў дае станоўчы імпульс у развіцці раёна. Наша асноўная задача - не проста будаваць новыя будынкі, але і адраджаць ужо існуючыя. Самае важнае - адказнасць за нашу моладзь. Менавіта таму рэканструкцыя школы стала аб'ектам нумар 1 у 2022 годзе. Гэта абсалютна новы комплекс, які гарманічна ўпісваецца ў архітэктуру горада. Школу не проста адрамантавалі, але і стварылі камфортныя ўмовы для навучальнага працэсу. Упэўнены, што яна стане месцам, дзе вы будзеце вучыцца з задавальненнем.