Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 09 Студзень 2020 11:29

Парламентарыі плануюць ратыфікаваць пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз на вясенняй сесіі

Беларускія парламентарыі плануюць ратыфікаваць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС на вясенняй сесіі. Аб гэтым сёння журналістам заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй Савіных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Парламентарыі Беларусі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці ратыфікаваць гэта пагадненне ў прыярытэтным парадку на бліжэйшай вясенняй сесіі парламента. Мы таксама звяртаемся да нашых калег у Еўрапейскім парламенце з просьбай надаць гэтаму працэсу з іх боку незваротны характар", - сказаў Андрэй Савіных.

Паводле яго слоў, пагадненне будзе садзейнічаць аблягчэнню паездак грамадзян, развіццю міжнародных, у тым ліку турыстычных, кантактаў, а таксама ўмацаванню атмасферы даверу і ўзаемаразумення паміж народамі.

Беларусь і Еўрапейскі саюз падпісалі пагадненне аб спрашчэнні выдачы віз 8 студзеня ў Бруселі. Пагадненне прадугледжвае ўзаемнае аблягчэнне візавых працэдур для шырокай катэгорыі грамадзян і зніжэнне збору. Пры гэтым будзе забяспечана права грамадзян звяртацца за атрыманнем віз як у пасольствы еўрапейскіх краін, так і ў візавыя цэнтры.

Кошт "шэнгена" для беларусаў знізіцца да 35 еўра, а рашэнне аб выдачы візы будзе прымацца ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін можа павялічыцца да 30 дзён). Многія катэгорыі грамадзян у залежнасці ад мэты паездкі змогуць звяртацца па візу без выплаты збору і атрымліваць шматразовыя візы з больш доўгім тэрмінам дзеяння ў спрошчаным парадку. Беларуская віза для грамадзян ЕС таксама патаннее да 35 еўра. Акрамя таго, будзе павялічаны пералік падстаў для выдачы бясплатных віз у некамерцыйных мэтах. Тэрмін знаходжання замежных грамадзян у Беларусі павялічыцца ў два разы: з 90 дзён на працягу года (цяпер) да 180.

Дакументы павінны быць ратыфікаваны Нацыянальным сходам Беларусі і адобраны Еўрапейскім парламентам. Пачнуць яны дзейнічаць у першы дзень другога месяца пасля даты інфармавання бакамі адзін аднаму аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі. Прадугледжваецца, што візавае пагадненне ўступіць у сілу ў чэрвені 2020 года.

Чытаць 547 разоў