Паводле інфармацыі намесніка начальніка ўпраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Мінлясгаса Уладзіміра Шута, па даручэнні Прэзідэнта для павышэння эфектыўнасці выкарыстання лесасыравінных рэсурсаў Міністэрства лясной гаспадаркі вядзе будаўніцтва 6 заводаў па выпуску драўнянага паліва. Гэтыя вытворчасці запрацуюць у першай палове наступнага года на тэрыторыі Барысаўскага вопытнага, Мазырскага вопытнага, Пружанскага, Клічаўскага, Навагрудскага і Жыткавіцкага лясгасаў. Агульная гадавая магутнасць заводаў пры гэтым павінна скласці каля 156 тыс.т. пелет у год.
Дарэчы, у будаўніцтва такіх прадпрыемстваў інвестуюць каля 75 млн.рублёў. Гэта як уласныя сродкі лясгасаў, так і крэдытныя рэсурсы. Будзе створана каля 80 працоўных месцаў. Плануецца перапрацоўка да 350 тыс. м3 нізкаякаснай драўніны і 120-130 тыс. т. пілавіння і адходаў лесапілавання.
Акрамя таго, 99% выпускаемай на гэтых пелетных заводах прадукцыі будзе адпраўляцца на экспарт. Лесагаспадарчыя ўстановы атрымаюць да $ 17-18 млн штогод. Прадукцыя запатрабавана ў Літве, Латвіі, ёсць прапановы з боку шведскіх кампаній, прапрацоўваюцца пытанні паставак у Германію, Аўстрыю, Італію.