Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 22 Лістапад 2019 08:11

Лукашэнка прапанаваў аднаму з буйнейшых інвестараў Дубая развіваць праекты ў рэальным сектары эканомікі

Беларусь зацікаўлена ў развіцці праектаў у рэальным сектары эканомікі з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй савета дырэктараў інвестыцыйнай кампаніі Emaar Properties Мухамедам Алі аль-Абарам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы выказаўся пра беларускае надвор'е, параўнаўшы яго з кліматам ААЭ: "Мне прыемна сёння з вамі сустрэцца ўжо тут, у Мінску, не ў Абу-Дабі, дзе вельмі душна і горача. Думаю, вы сябе тут камфортна адчуваеце".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў час яго візіту ў ААЭ бакі ўжо абмяркоўвалі напрамкі двухбаковага супрацоўніцтва. У Мінск Мухамед Алі аль-Абар быў запрошаны, каб больш канкрэтна абмеркаваць работу Emaar Properties у Беларусі. "Мы гатовы з Эміратамі супрацоўнічаць не толькі ў сферы інтарэсаў вашай кампаніі, але і значна шырэй: у сферы прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Для нас гэта важнейшыя напрамкі, акрамя будаўніцтва, - заявіў Прэзідэнт. - Таму мы можам абмеркаваць цяпер тыя праекты, якія знаходзяцца ў прапрацоўцы. Але, шчыра вам скажу, што мяне больш цікавяць праекты менавіта ў рэальным сектары эканомікі".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што кампанія Emaar Properties вядома не толькі ў арабскім свеце. На яго думку, яе супрацоўніцтва з Беларуссю стала б добрым сігналам для ўсёй сусветнай супольнасці і пацвердзіла б наяўнасць у краіне добрых умоў для работы інвестараў. "Ведаю, што вы абы-куды не ходзіце, як у Беларусі ў нас кажуць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Якія менавіта праекты мае намер рэалізоўваць арабская кампанія ў Беларусі, ужо абмяркоўвалася за закрытымі дзвярамі. Аднак Прэзідэнт адзначыў, што яму спадабаліся некаторыя ідэі кіраўніцтва ААЭ. "У час майго знаходжання ў Эміратах і ў час знаходжання наследнага прынца тут, у Беларусі, мне спадабаўся шэраг ідэй, якія ён выказаў, у тым ліку адна з вашых ідэй, якую я хацеў бы тут абмеркаваць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў перадаць наследнаму прынцу Абу-Дабі шэйху Мухамеду бен Заіду аль-Нахаяну, а таксама правіцелю эмірата Дубай шэйху Мухамеду бен Рашыду аль-Мактуму самыя цёплыя і добрыя пажаданні, словы ўдзячнасці за ўсё, што было зроблена для кіраўніка беларускай дзяржавы і асоб, якія яго суправаджалі, у час нядаўняга знаходжання ў Эміратах.

Мухамед Алі аль-Абар - саўладальнік буйнейшых міжнародных кампаній у сферах інвестыцый, нерухомай маёмасці, гасцінічнага бізнесу, электроннага гандлю, лагістыкі, грамадскага харчавання, моды і іншых. Яго бізнес прысутнічае ў больш як 50 краінах свету, уласны капітал ацэньваецца ў памеры $4,6 млрд. Ён з'яўляецца ідэйным натхняльнікам і выканаўцам канцэпцыі стварэння сучаснага Дубая, ключавым саветнікам па эканамічных і інвестыцыйных пытаннях (асабістых і дзяржаўных) кіраўнікоў Абу-Дабі і Дубая.

Чытаць 1576 разоў