"У нас атрымалася абмеркаваць усё запланаванае на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Адбылася адкрытая і сумленная размова ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў (Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. - Заўвага БЕЛТА). Эксперты далажылі па ўсіх напрамках, якога прагрэсу ўдалося дасягнуць, дзе засталіся нейкія значныя няўзгодненыя рэчы. Прэзідэнты выказалі сваё меркаванне абсалютна па ўсіх пытаннях. З'явілася некалькі новых ініцыятыў, і мы ў бліжэйшы час з расійскімі калегамі павінны падумаць, як іх у рамках праграмы інтэграцыі далей упакаваць, - сказаў Дзмітрый Крутой. - Абмеркаванне ідзе даволі канструктыўнае, і больш за 80 працэнтаў праграмы ўзгоднена на гэты момант. Самае галоўнае, што мы выпрацавалі агульны канцэпт, агульны падыход да ўсёй работы: гэта дарожныя карты да лістапада, уніфікаванае заканадаўства да сярэдзіны наступнага года, запуск на адзіных правілах тых рынкаў, па якіх мы дамовіліся, ужо з 2021 года".
Міністр удакладніў, што размова ідзе не толькі аб рынках нафты і газу, але і аб рынках прамысловай прадукцыі, сельгасрынках, транспартных рынках. "Сэнс у тым, каб прадпрыемства (няважна, дзе яно зарэгістравана - у Расіі або Беларусі) працавала па адзіных правілах на аснове адзінага адміністравання, адзіных сістэм кантролю, адзіных інтэграваных інфармацыйных сістэм. Уніфікаванае заканадаўства, аб якім мы гаворым у рамках дарожных карт, ужо стане правобразам гэтых аб'яднаных рынкаў", - адзначыў Дзмітрый Крутой.
"Канцэптуальная прапанова беларускага боку заключаецца ў тым, каб нашы бягучыя пытанні (цана на газ, падатковы манеўр, допуск у расійскія праграмы субсідзіравання нашых прамысловых тавараў, зняцце абмежаванняў на доступ беларускай сельгаспрадукцыі на расійскі рынак) не заставаліся недзе ўбаку, а былі ўпакаваны ў агульны перагаворны трэк і рухаліся паралельна. Мы да снежня бягучага года - да 20-годдзя Саюзнай дзяржавы - павінны падысці з сапраўды значнымі вынікамі, каб маглі сказаць усяму грамадству, што гатовы да далейшай глыбокай інтэграцыі", - падкрэсліў Дзмітрый Крутой.