Добрай падмогай для далейшых высокіх спартыўных вынікаў стала ўмацаванне аддзялення трэнерска-выкладчыцкімі кадрамі - для працы з групамі пачатковай падрыхтоўкі прыняты малады трэнер і дзеючы бягун, які не раз абараняў гонар Крупскага раёна - Барабаншчыкаў Арцём. Дзякуючы гэтым пазітыўным зменам больш за 20 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў пачалі заняткі на аддзяленні лёгкай атлетыкі і пры асабістым жаданні і імкненні змогуць у поўнай меры спасцігнуць усе асновы спартыўнай падрыхтоўкі.
Разам з тым, з пачаткам новага навучальнага года, хлопцы, якія ўжо не першы год займаюцца лёгкай атлетыкай, пачалі паступова ўкочвацца ў спаборніцкі працэс. Першым стартам для лёгкаатлетаў стаў удзел 11 верасня ў забегах Мінскага паўмарафона. Больш за 20 хлопчыкаў і дзяўчынак Крупскай ДЮСШ бок аб бок са сваімі трэнерамі, нягледзячы на дажджлівае надвор'е, пераадолелі дыстанцыю ў 5 кіламетраў па цэнтральных вуліцах горада Мінска, а новаспечаны трэнер, Барабаншчыкаў Арцём, паспрабаваў сябе ў бегу на 10 кіламетраў, дзе склаў добрую канкурэнцыю прафесійным бегунам і заваяваў прэстыжнае 7 месца. Усяго ў гэтых спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 11 тысяч аматараў бегу з усіх куткоў Беларусі і краін блізкага замежжа!
На фота: Спартсмены-навучэнцы аддзялення лёгкай атлетыкі Крупскай ДЮСШ пасля фінішу на дыстанцыі 5 кіламетраў Мінскага паўмарафона.
Наступнымі спаборніцтвамі стала адкрытае першынство Крупскай ДЮСШ па лёгкай атлетыцы «Залатая шыпоўка», дзе хлопцы выступалі ў лёгкаатлетычных звязках, прадстаўленых кароткай дыстанцыяй і доўгай. Пасля заканчэння ўсіх відаў праграмы пераможца вызначаўся па найменшай суме месцаў у кожнай узроставай групе асобна па кожным звязку. У спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 50 чалавек, каля трэці спартсменаў пацвердзілі і выканалі спартыўныя разрады, паказалі свой характар, жаданне і імкненне паляпшаць сваё спартыўнае майстэрства.
На фота: Самыя юныя ўдзельніцы 2012-2013 гадоў нараджэння і маладзейшыя спаборнічаюць у бегу на 30 метраў (фота – Крупскі Веснік).
Прааналізаваўшы выступленні юных бегуноў на спаборніцтвах першынства спартыўнай школы, быў сфарміраваны склад удзельнікаў у XXXV Нацыянальным фестывалі бегу «Языльская дзясятка», якія праходзяць у г.Старыя Дарогі.
Крупскі раён з 2000 года з'яўляецца традыцыйным удзельнікам гэтага фестывалю бегу і практычна не адзін год не абыйшоўся без прызёраў.
У гэтым годзе Старыя Дарогі прымалі вялікую колькасць спартсменаў, асабліва школьнага ўзросту. Ва ўзроставых групах на дыстанцыі «Пяцісотка» кожны забег налічваў не менш за 30 чалавек.
Пачатак прызавым месцам паклаў Хацкевіч Аляксей, які ўжо трэці год запар становіцца пераможцам у забегах на 500 метраў. Сёлета яму трэба было спаборнічаць з хлопцамі 9-гадовага ўзросту. З самага старту і да заканчэння дыстанцыі Аляксей упэўнена лідыраваў па дыстанцыі і не пакінуў не адзінага шанцу іншым сапернікам.
Сярод дзяўчынак 10 гадоў безумоўную перамогу святкавала Пятровіч Вікторыя, а яе сястра, Пятровіч Людміла стала пераможцам сярод дзяўчынак 11 гадоў.
Паўтарыў поспех сяброў па камандзе і Сяргей Бахановіч, які таксама ўпэўнена перамог на сваёй «пяцісотцы» сярод хлопчыкаў 11 гадоў.
Усе юнакі з'яўляюцца вучнямі Сярэдняй школы №3 г.Крупкі і ўжо некалькі гадоў адказна і мэтанакіравана трэніруюцца ў Крупскай ДЮСШ на аддзяленні лёгкай атлетыкі.
У «Спартыўным забегу» на 2500 метраў, у якім удзельнічалі больш дарослыя хлопцы пераважна са спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў і вучылішчаў алімпійскага рэзерву таксама адзначыліся Крупскія спартсмены. Сярод дзяўчынак 12-13 гадоў трэцяе месца заваявала вучаніца Сярэдняй школы п.Крупскi Грышанкова Анастасія, а яе сяброўка па камандзе, выхаванка Крупскай ДЮСШ, а цяпер вучаніца Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Кандраценка Інэса ва ўзроставай групе 14-15 .
На фота: Грышанкова Анастасія - 3 месца ў бегу на 2500 метраў сярод дзяўчын 12-13 гадоў.
На здымку: Кандраценка Інэса – 2 месца ў бегу на 2500 метраў сярод дзяўчат 14-15 гадоў.
Заканчэннем пазітыўнага выступлення стаў асноўны забег на 10 кіламетраў, у якім трэнер-выкладчык Крупскай ДЮСШ Барабаншчыкаў Арцём у сур'ёзнай канкурэнцыі і з высокім асабістым рэкордам змог заваяваць сёмае месца і прыняў удзел у кветкавай цырымоніі ўзнагароджання, дзе быў узнагароджаны граматай.
Па выніках выступу на трох мінулых стартах можна падсумаваць, што спартсмены нядрэнна ўцягваюцца ў трэніровачны працэс і зусім хутка ім трэба будзе выступіць у першых важных стартах афіцыйнага спаборніцкага календара, які традыцыйна пачынаецца з кросавага бегу спачатку на абласным, а затым на рэспубліканскім узроўні.
Асобна хочацца адзначыць аператыўную дапамогу і падтрымку кіраўніцтва ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Крупскага райвыканкама пры вырашэнні арганізацыйных пытанняў вучэбна-трэніровачнага і спаборніцкага працэсаў.