Пасля паспяховага выступу на абласным кросе і адбору на рэспубліканскі этап у кросавым бегу наступнай задачай было паспяхова выступіць у першых стартах на стадыёне. Для замацавання ў асноўным пуле спартсменаў Мінскай вобласці Крупскім лёгкаатлетам неабходна было выступіць у сваіх узроставых катэгорыях у раёне асабістых рэкордаў, паказаных у асенне-зімовым сезоне. І, забягаючы наперад, можна з упэўненасцю сказаць, што ў іх усё атрымалася!
21-22 красавіка, традыцыйна, на стадыёне рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы ў г. Мінску адбыліся спаборніцтвы першынства Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы ў праграме Спартакіяды дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. – ДЮСШ, СДЮШАР) у дзвюх узроставых катэгорыях: сярод юнакоў і дзяўчат 2005-2006 і 2007-2008 гадоў нараджэння.
Кожная ўзроставая група выступала асобнай камандай, а па выніках камандных вынікаў трэба было вызначыць чатыры наймацнейшыя каманды Мінскай вобласці, якія будуць выступаць на спартакіядзе ДЮСШ, СДЮШАР РБ - дзве каманды сярод гарадскіх спартыўных школ, дзве каманды - сярод раённых.
Па выніках выступленняў на працягу двух дзён спаборніцтваў спартсмены Крупскай ДЮСШ 21 раз паднімаліся на п'едэстал гонару, заваяваўшы ў двух узростах шэсць залатых, адзінаццаць сярэбраных і 4 бронзавыя ўзнагароды!
У каманднай барацьбе вынікі аказаліся не менш уражальнымі – сярод старэйшых юнакоў каманда КРУПСКАЙ ДЮСШ размясцілася на трэцім камандным месцы сярод раённых ДЮСШ і на пятым месцы ў агульнакамандным заліку сярод усіх спартыўных школ Мінскай вобласці. Усяго ў старэйшай узроставай групе спаборнічала 16 каманд.
НА ФОТА: Іванова Анастасія (нагрудны нумар 611), дыстанцыя 1500 метраў - пераможца ў бегу на 1500 і 800 метраў першынства Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы ў праграме Спартакіяды ДЮСШ, СДЮШАР (юнакі, дзяўчаты 2007-2000). фота – Слава Патыш).
Малодшыя юнакі выступілі яшчэ больш паспяхова! З вынікам у 124 ачкі каманда КРУПСКАЙ ДЮСШ СТАЛА ПЕРАМОЖЦАМ у агульнакамандным заліку, абышоўшы як гарадскія ДЮСШ, так і раённыя і з першага месца адабралася на галоўны камандны старт у летнім сезоне – Спартакіяду ДЮСШ, СДАШОР Рэспублікі Беларусь, якая пройдзе ў Брэсце! Усяго ў малодшым узросце спаборнічала 17 каманд-удзельніц..
НА ФОТА: Буронышава Анастасія - пераможца ў бегу на 60 і 200 метраў першынства Мінскай вобласці па лёгкай атлетыцы ў праграме Спартакіяды ДЮСШ, СДЮШАР (юнакі, дзяўчаты 2005-2006 г.н.). (фота – Слава Патыш)
Пасля выступу ў спаборніцтвах абласнога ўзроўню хлопцам трэба было выступіць за зборную Мінскай вобласці ў Кубку Беларусі і рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе на прызы газеты «СБ. Беларусь сёння». Гэтыя спаборніцтвы праходзілі 28 красавіка традыцыйна ў г.Магілёве. З 42 чалавек зборнай Мінскай вобласці было ўключана дзевяць Крупскіх лёгкаатлетаў. На гэты раз абышлося без асабістых прызавых месцаў, найлепшы вынікі паказалі Касцюкевіч Максім, які сярод юніёраў 2003-2004 года нараджэння ў бегу на 3 км заняў 4-е месца і Кухарэнка Станіслаў, які фінішаваў у бегу на 1 км у юнакоў 2007-2008 года нараджэння на 6-ай пазіцыі. Астатнія хлопцы размясціліся ў першых 15 пазіцыях пры забегах, якія налічваюць больш за 35 спартсменаў.
Менавіта шчыльныя высокія вынікі дазволілі камандзе Мінскай вобласці ўпершыню за доўгі час атрымаць ПЕРАМОГУ ў камандным заліку сярод абласных рэгіёнаў, у рамках рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкаатлетычным кросе на прызы газеты «СБ. Беларусь сёння». Безумоўна, было вельмі прыемна ўнесці пасільны ўклад у агульныя поспехі зборнай каманды Мінскай вобласці і заваяваць такую доўгачаканую перамогу!
Але спачываць на лаўрах часу не было, толькі прыехаўшы з Магілёва, нашым спартсменам трэба было выступіць у заключных спаборніцтвах па кросавым бегу – Абласных спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе сярод юнакоў і дзяўчат у рамках абласной спартакіяды школьнікаў у 2021/2022 навучальным годзе, якія адбыліся 30 красавіка ў г. Беразіно.
У гэты дзень старты на ўсіх дыстанцыях склаліся максімальна паспяхова, каманда з васьмі чалавек здолела заваяваць сем прызавых месцаў, з якіх тры - першыя, два - другія і два - трэція!
НА ФОТА: Каманда Крупскага раёна - пераможцы абласных спаборніцтваў па лёгкаатлетычным кросе юнакоў і дзяўчат у рамках абласной спартакіяды школьнікаў у 2021/2022 навучальным годзе.
Па выніках каманднай барацьбы, вынік якой падлічваўся па найменшай суме занятых месцаў, Крупская каманда ўпэўнена заняла першае месца і забрала КУБОК ПЕРАМОЖЦАЎ абласнога лёгкаатлетычнага кросу сярод школьнікаў!
Наперадзе разгар спаборніцкага сезона, хлопцы чакаюць самыя важныя старты на бегавых дарожках абласных і рэспубліканскіх лёгкаатлетычных арэн. Мы вельмі спадзяемся, што нашы спартсмены здолеюць рэалізаваць усе запланаваныя трэнерскім складам вынікі, пабіць асабістыя рэкорды, тым самым пацешыўшы ўсіх неабыякавых да спорту і здароваму ладу жыцця людзей!