Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 08 Лістапад 2021 16:54

Нялёгкі шлях на «Каробчыцкі Алімп»

2 і 3 лістапада парк актыўнага адпачынку «Каробчыцкі Алімп», размешчаны недалёка ад г.Гродна, сустракаў чэмпіянат і першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкаатлетычным кросе.

Традыцыйна гэтыя спаборніцтвы збіраюць мацнейшых бегуноў нашай краіны, якія спецыялізуюцца ў бегу на сярэднія і доўгія дыстанцыі, як сярод юнакоў, так і сярод прафесійных дарослых спартсменаў. Для многіх бегуноў дадзены старт з'яўляўся важным, так як па выніках забегаў быў сфарміраваны склад нацыянальнай зборнай каманды для ўдзелу ў Чэмпіянаце Еўропы па лёгкаатлетычным кросе, які адбудзецца ў снежні, у г.Дублін (Ірландыя).

Па выніках выступу ў абласным кросе ў склад зборнай каманды Мінскай вобласці ад Крупскага раёна было адабрана 10 спартсменаў: 4 чалавекі бралі ўдзел у Чэмпіянаце, 5 чалавек спаборнічалі ў рамках першынства рэспублікі.

Не ўсё ў гэты дзень склалася так, як планавалася, адбіўся на выступе не лепшы стан здароўя некаторых нашых спартсменаў, так і дастаткова складаная траса з крутымі ўздымамі і рэзкімі паваротамі. Але, ня гледзячы на ​​гэта, практычна кожны са спартсменаў паспяхова фінішаваў у першай дзесятцы выніковага пратакола (у кожнай узроставай групе стартавала больш за 30 бегуноў) і прынёс важныя ачкі ў камандны залік сярод абласцей.

Найбольшага поспеху дасягнуў выхаванец Крупскай ДЮСШ, былы вучань Хацюхоўскага КПК дзіцячага сада - сярэдняй школы ім. В.В.Каваленка, а цяпер студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Касцюкевіч Максім.

На абласным першынстве Максім у бегу на тры кіламетры паспяхова выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту і падышоў да рэспубліканскіх спаборніцтваў у выдатнай форме. На працягу ўсёй чатырохкіламетровай дыстанцыі ён паспяхова трымаўся ў тройцы лідэраў, а на перадапошнім крузе граматна паскорыўся, уцёкшы ў лідэры, такім чынам, выйграў на фінішы ў другога месца больш за 9 секунд..

8 11 21 032

НА ФОТА: МАКСІМ КАСЦЮКЕВІЧ (па сярэдзіне) – Пераможца Першынства Рэспублікі Беларусь у бегу на 4 кіламетры сярод юнакоў 2004-2005 г.н.

Суміраваўшы поспехі нашых спартсменаў і ўсёй каманды, дружына Мінскай вобласці ў агульнакамандным заліку Першынства Рэспублікі Беларусь заняла высокае 3-е месца, уступіўшы камандзе Брэсцкай вобласці 2, а Магілёўскай 6 ачкоў.

На гэтых спаборніцтвах сезон выступу на свежым паветры падышоў да канца, але гэта не нагода вешаць шыпоўкі на цвік. З заканчэннем спаборніцтваў па кросе спартсмены пачалі падрыхтоўку да зімовага сезона. І мы вельмі спадзяемся, што лёгкаатлеты з Крупскага раёна яшчэ неаднаразова парадуюць нас высокімі вынікамі і дасягненнямі!

Чытаць 1038 разоў