Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 13 Май 2021 12:01

Крупскае прадстаўніцтва на Кубку Рэспублікі Беларусь па лёгкаатлетычным кросе

Пачатак мая адзначыўся чарговай знамянальнай падзеяй у лёгкаатлетычнай бегавой супольнасці.

6-7 мая г. Магілёў прымаў КУБАК БЕЛАРУСІ, РЭСПУБЛІКАНСКІЯ СПАБОРНІЦТВЫ ПА ЛЁГКААТЛЕТЫЧНЫМ КРОСЕ НА ПРЫЗЫ ГАЗЕТЫ «СБ. БЕЛАРУСЬ СЁННЯ» І РЭСПУБЛІКАНСКІЯ СПАБОРНІЦТВЫ ПА ЭСТАФЕТНЫМ БЕГУ ПАМЯЦІ ЗАСЛУЖАНАГА ТРЭНЕРА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ А. І. КIЦЕНКА Ў ПРАГРАМЕ КУБКА. Дадзеныя спаборніцтвы традыцыйна збіраюць наймацнейшых спартсменаў Рэспублікі Беларусь, якія спецыялізуюцца на бегавых дысцыплінах, пачынаючы ад юнакоў і дзяўчат 2006-2007 гадоў нараджэння і заканчваючы мужчынамі і жанчынамі 2001 года нараджэння і старэй. Таксама гэты старт з'яўляецца, свайго роду, прыкідкай для маючых адбыцца асноўных стартаў ужо на лёгкаатлетычным стадыёне.

НА ФОТА: Самы масавы забег апынуўся ў юнакоў 2006-2007 г.г.р. (37 спартсменаў выйшла на старт)

У складзе каманды Мінскай вобласці было ўключана 12 крупскiх лёгкаатлетаў, што з'яўляецца самым вялікім прадстаўніцтвам за ўвесь час удзелу ў рэспубліканскіх кросах.

Для некаторых спартсменаў удзел у такіх маштабных спаборніцтвах быў упершыню, і яны здолелі атрымаць каштоўны спаборніцкі вопыт, пры гэтым палепшыўшы свае асабістыя рэкорды.

Найбольшага поспеху дасягнуў Касцюкевіч Максім, выхаванец Крупскай ДЮСШ, выхадзец з ДУА «Хацюхоўскі КПК дзіцячы сад - сярэдняя школа ім. В.В.Ковалёнка», а цяпер - выпускнік 11-а класа УА «Мінская дзяржаўная абласная сярэдняя школа-вучылішчы алімпійскага рэзерву». На дыстанцыі 2 кіламетры Максім заваяваў бронзавую ўзнагароду. Дарэчы, ад пераможнага «золата» яго аддзяліла менш за 3 секунды.

НА ФОТА: Касцюкевіч Максім, бронзавы прызёр на дыстанцыі 2 кіламетры рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкаатлетычным кросе.

У бліжэйшай перспектыве Максім плануе працягваць навучанне на сярэдне-спецыяльнай прыступцы атрымання адукацыі вучылішча алімпійскага рэзерву і далей павышаць сваё спартыўнае майстэрства.

Не варта забываць і аб каманднай барацьбе, у якой рэгулярна спаборнічаюць 6 абласцей нашай краіны і г. Мінск.

Дзякуючы стабільным і шмат у чым паспяховым выступленням юных спартсменаў зборная каманда Мінскай вобласці размясцілася на 3-ім месцы агульнакаманднага заліку сярод юнакоў і дзяўчат, саступіўшы толькі камандам Брэсцкай і Магілёўскай абласцей.

Спаборніцкі лёгкаатлетычны сезон набірае абароты і наперадзе яшчэ шмат важных стартаў і не менш цікавых навін! Будзем спадзявацца, што нашы спартсмены яшчэ не раз пацешаць нас удалымі выступленнямі!

Чытаць 397 разоў