Мерапрыемства прапагандуе выкарыстанне пешаходамі, веласіпедыстамі, возчыкамі гужавога транспарту святлоадбівальных элементаў і камізэлек павышанай бачнасці.
З надыходам восені праблема гібелі і траўміравання людзей на цёмнай дарозе становіцца ўсё больш актуальнай. У туманныя і дажджлівыя дні дарожная абстаноўка ўскладняецца. Кіроўцы проста не бачаць чалавека на дарозе. Пешаход альбо веласіпедыст на праезнай частцы ў цемры становяцца бачнымі для аўтамабіліста ў лепшым выпадку за 25-30 м. Гэту адлегласць пры хуткасці руху 90 км/г аўтамабіль праходзіць прыблізна за адну секунду - занадта мала для прыняцця якіх-небудзь мер. Нават пры хуткасці 50 км/г прыпыначны шлях аўтамабіля перавышае гэту адлегласць.
Флікеры дазваляюць самым неабароненым удзельнікам руху «свяціцца» ў блізкім святле фар на адлегласці 130-140 м, а пры руху з далёкім святлом адлегласць павялічваецца да 400 м і гэта дае кіроўцу дадатковы час на прыняцце найбольш правільнага рашэння, каб пазбегнуць наезду. Важна, каб флікеры былі правільна замацаваны. Яны павінны быць добра бачныя кіроўцам, а не схаванымi за торбай або складкамі адзення. Аптымальным варыянтам з'яўляецца выкарыстанне павязак і бранзалетаў, прымацаваных на руках і нагах пешахода з боку праезнай часткі.
У ДАІ нагадалі: пры руху па дарозе ў цёмны час сутак або пры яе недастатковай бачнасці на ровары і гужавым транспартным сродку спераду павінен быць уключаны ліхтар, які выпраменьвае белае святло, ззаду — ліхтар, які выпраменьвае чырвонае святло. Акрамя таго, веласіпедыстам і вознікам гужавога транспарту рэкамендуецца апранаць камізэлькі павышанай бачнасці. У сваю чаргу вадзіцелі павінны праяўляць павышаную ўвагу пры праездзе пешаходных пераходаў і руху па трасах паблізу населеных пунктаў.
За 8 месяцаў на дарогах Рэспублікі адбылося 695 ДТЗ з удзелам пешаходаў, 210 наездаў на веласіпедыстаў і 2 наезды на гужавы транспарт.