Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 15 Ліпень 2020 17:23

Крупскія лёгкаатлеты зноў бліснулі на рэспубліканскіх стартах

Пасля працяглага перапынку ў спаборніцтвах у Брэсце адбыліся адразу дзве спартыўныя лёгкаатлетычныя падзеі - першынство Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў і юніёрак 2001-2002 гадоў нараджэння і Алімпійскія дні моладзі сярод юнакоў і дзяўчат 2003-2004 гадоў нараджэння.

У склад каманды Мінскай вобласці сярод двух узростаў увайшло 6 спартсменаў з нашага раёна, якія трэніраваліся і працягваюць трэніравацца пад кіраўніцтвам брыгады трэнераў па лёгкай атлетыцы Крупскай ДЮСШ Уладзіміра і Іллі Варановічаў.

- Сярод юніёраў зборную каманду Мінскай вобласці прадстаўлялі Дзіяна Кабалан, Аляксандр Трушкоў, якія, акрамя сваёй трэніровачнай дзейнасці, паспяхова здалі экзамены і працягнуць навучанне на другім курсе вучэльняў алімпійскага рэзерву, а таксама Валерыя Варашэнь, выпускніца гарадской сярэдняй школы № 1, якая плануе паступаць ва ўніверсітэт фізічнай культуры, – распавядае Ілля Варановіч. - Найбольшых поспехаў дасягнула Дзіяна Кабалан, у чарговы раз пацвердзіўшы статус адной з наймацнейшых юніёрак Рэспублікі Беларусь. Дыяна здолела заваяваць адразу тры прызавых месцы: другое ў спартыўнай хадзе на дыстанцыі 5 км, і два трэцiх: у спартыўнай хадзьбе на 10 км і ў каманднай эстафеце 4х400 метраў. Прызёр зімовага першынства сярод юніёраў Аляксандр Трушкоў па стане здароўя не змог у поўную сілу выступіць на гэтых спаборніцтвах. Пасля перанесенай аперацыі Саша працягвае аднаўляцца, і на гэтым старце асноўнай мэтай было трапленне ў дзясятку наймацнейшых спартсменаў. З задачай ён справіўся. У далейшых планах Аляксандра - выступленне на дарослым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь, і ўсе мы спадзяемся, што да старту ён падыдзе ў добрай форме, пацвердзіўшы статус наймацнейшага бягуна на 800 метраў. Валерыя Варашэнь у бегу на 100 метраў з бар'ерамі абнавіла асабісты рэкорд і здолела ўладкавацца на шостай пазіцыі выніковага пратаколу.

У Алімпійскіх днях моладзі Рэспублікі Беларусь у складзе каманды сталічнага рэгіёна ўдзельнічала таксама трое крупскіх спартсменаў. Як адзначыў Ілля Варановіч, Максім Касцюкевіч палепшыў асабісты вынік у бегу на 800 метраў (7-е месца), на дыстанцыі 1500 метраў (6-е месца), а таксама ў каманднай эстафеце 4х400 метраў (6-е месца). Дар'я Мікуцкая лепшы вынік паказала ў бегу на 2000 метраў з перашкодамі, размясціўшыся на 9-м радку выніковага пратаколу. А Дар'я Пыжык, вымушаная выступаць з траўміраванай нагой, заняла 16-ы радок выніковага пратаколу ў бегу на 100 і 200 метраў.

– Нават нягледзячы на доўгую адсутнасць спаборніцтваў у летнім сезоне, выступ крупскіх лёгкаатлетаў можна ацаніць, як паспяховы, – адзначае Уладзімір Варановіч. - Безумоўна, эпідсітуацыя адыграла сваю ролю ў сістэме падрыхтоўкі юных бегуноў, аднак усе хлопцы настроены на далейшае спартыўнае ўдасканаленне, і наперадзе яшчэ дастаткова часу, каб дасягнуць поспехаў у гэтай нялёгкай справе. На дадзены момант спаборніцкі сезон скончаны, хлопцаў чакае аднаўленчы перыяд, а некаторыя юніёры плануюць яшчэ выступіць на дарослым чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь, які пройдзе з 30 ліпеня па 2 жніўня на Алімпійскім стадыёне «Дынама» ў Мінску.

Дзякуючы трэнерскаму тандэму бацькі і сына Варановічаў крупскія лёгкаатлеты дасягаюць высокіх вынікаў і ўслаўляюць сваю малую радзіму. З году ў год вынікі становяцца ўсё лепш. Пералік перамог за мінулы год вельмі вялікі. Пад іх кіраўніцтвам паспяхова выступіла зборная каманда Крупскага раёна па лёгкай атлетыцы, члены якой неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі ў асабістым заліку на першынствах Мінскай вобласці і прыносілі перамогу ўсёй камандзе. Зборная двойчы (у 2018 і 2019 гадах) станавілася пераможцам лёгкаатлетычнага кросу на прызы газеты «Мінская праўда». Каманда лёгкаатлетаў выйграла першынство Мінскай вобласці ў праграме спартакіяды СДЮШАР, ДЮСШ па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2003-2004 гадоў нараджэння ў Мінску, заваяваўшы права прадстаўляць Мінскую вобласць на першынстве Рэспублікі Беларусь. Трое спартсменаў - выхаванцаў Крупскай ДЮСШ шэсць разоў паднімаліся на п'едэстал гонару рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў.

– Нашы перамогі сталі магчымы дзякуючы таму, што ў цэлым у краіне, і ў нашым раёне ў прыватнасці, вялікая ўвага надаецца развіццю спорту, - падкрэслівае Уладзімір Варановіч. - У нас ёсць усё, каб якасна трэніравацца і заваёўваць перамогі. І мы цвёрда стаім на гэтым шляху.

Чытаць 302 разоў