Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 19 Люты 2020 11:34

Заканчэнне зімовага лёгкаатлетычнага сэзону

10-12 лютага 2019 года ў г.Магілёве адбыліся адразу дзве спартыўныя лёгкаатлетычныя падзеі рэспубліканскага ўзроўню – Першынства Рэспублікі Беларусь сярод юніёраў і юніёрак (2001-2002 г. г. н.) і юнакоў і дзяўчат (2003-2004 г. г. н.).

У склад каманды Мінскай вобласці сярод двух узростаў увайшло 6 спартсменаў з Крупскага раёна, якія трэніраваліся і працягваюць трэніравацца пад кіраўніцтвам брыгады трэнераў па лёгкай атлетыцы ДСВСУ «Крупская ДЮСШ» – Уладзіміра і Іллі Уладзіміравічаў.

Сярод юніёраў зборную каманду Мінскай вобласці прадстаўляла тры спартсмены выхаванца Крупскай ДЮСШ - Кабалан Дзіяна, студэнтка 1 курса Плешчаніцкай абласной сярэдняй школы-вучылішча алімпійскага рэзерву, а таксама Трушкова Аляксандра і Камароўская Яўгенія, якія з'яўляюцца студэнтамі 1 курса Мінскай абласной сярэдняй школы-вучылішча алімпійскага рэзерву.

Маладыя спартсмены з 2020 года залічаны ў пераменны склад нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы і на дадзены момант з'яўляюцца наймацнейшымі прадстаўнікамі Мінскай вобласці ў лёгкаатлетычных відах на цягавітасць сярод юніёраў.

Двухразовай пераможцай першынства рэспублікі стала Кабалан Дзіяна. Нягледзячы на тое, што пасля працяглай хваробы Дыяна толькі набірае спартыўную форму, на дыстанцыі 3 і 5 км спартыўнай хадзьбой яна з першых метраў упэўнена пайшла ў адрыў і да апошніх метраў захавала лідэрства.

 

1802202001

На фота: Кабалан Дзіяна ўпэўнена лідзіруе на дыстанцыі 3 кіламетры спартыўнай хадзьбой

Вядома, паказаныя секунды пакуль што далёкія ад лепшага асабістага выніку, аднак увесь упор у падрыхтоўцы менавіта на летні сезон, а з мэтанакіраванасцю і напорам дадзенай маладой спартсменкі не застаецца сумневаў – усё атрымаецца.

Пасля ўзмоцненай падрыхтоўкі ў асенне-зімовым сезоне, вучэбна-трэніровачнага збору ў г. Кіславодск (Расійская Федэрацыя) Трушкоў Аляксандр ва ўпартай барацьбе заваяваў бронзавы медаль у бегу на 800 метраў. Вынікі ўсёй першай тройкі бегуноў знаходзяцца ў паўсекунднай мяжы, таму да апошніх метраў дыстанцыі было не вядома, хто ж атрымае перамогу.

 

1802202002

На фота: Трушкоў Аляксандр (нагрудны нумар 322) рыхтуецца да старту на дыстанцыі 800 метраў.

Таксама прыемна адзначыць, што высокі паказаны вынік у дадзенай дыстанцыі (1 хвіліна 57 секунды і 49 сотых) дазволіў Сашы выканаць нарматыў кандыдата ў майстры спорту.

Вынікі выступлення ў малодшым узросце пракаментаваў Уладзімір Варановіч:

- У юнакоў вынікі выступу больш сціплыя. У першую чаргу гэта звязана са спецыфікай падрыхтоўкі да зімовых стартаў, нашым рабятам складаней спаборнічаць ва ўмовах лёгкаатлетычнага манежа, бо большасць трэніровак у нас праходзіць на вуліцы. У лёгкаатлетычным манежы мы бываем, максімум, адзін-два разы на месяц, у асноўным падчас спаборніцтваў. Для таго каб быць у прызёрах на рэспубліканскіх спаборніцтвах, рабяты павінны бегаць у манежы, як мінімум, два-тры разы на тыдзень, каб адпрацоўвалася пачуццё тэмпу пры бегу па дыстанцыі і тэхніка-тактычнае майстэрства.

– Мікуцкая Дар'я размясцілася на 6 месцы ў бегу на 1500 метраў з перашкодамі і на 7-й пазіцыі на дыстанцыі 3000 метраў. На "палтарашцы з перашкодамі" за цяперашні сезон Даша трэці раз перапісвае асабісты рэкорд і ўшчыльную падабралася да першага дарослага разраду. Для выканання нарматыву ёй не хапіла менш двух секунд.

- Камароўская Анастасія на дыстанцыі 1500 метраў, нягледзячы на тое, што перахварэла перад спаборніцтвамі, здолела паказаць лепшы вынік у сезоне, аднак гэта дазволіла ёй размясціцца толькі на 10 пазіцыі, таксама як і ў бегу на 800 метраў.

Камароўская Таццяна і Пыжык Дар'я ўдзельнічалі ў спаборніцтвах асабіста з мэтай назапашвання неабходнага спаборніцкага вопыту і ў стартах летняга спаборніцкага сезона цалкам здольныя здзівіць прыстойнымі секундамі і высокімі месцамі ў выніковым заліку.

Дадзеныя спаборніцтвы з'яўляюцца заключнымі ў зімовым сезоне. Наперадзе ў рабят невялікі адпачынак, які ўключае ў сябе аднаўленчыя і гульнявыя трэніроўкі, пасля чаго пачнецца падрыхтоўка да летняга сезона.

Нягледзячы на некаторыя няўдачы, усе рабяты настроены на працу і будуць старацца не раз парадаваць усіх неабыякавых да спорту людзей паспяховымі выступленнямі.

Чытаць 330 разоў