"У нас вельмі добрыя сувязі. Яны заснаваны на добрай гісторыі нашых дзяржаў, якая можа быць гордасцю любых дзяржаў і базай для развіцця адносін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - За апошні час мы многае зрабілі для таго, каб нашы гандлёва-эканамічныя адносіны развіваліся больш паспяхова. Што датычыцца палітыкі, міжнароднага парадку дня, то ў нас вельмі добрыя пазіцыі, і па парадку дня міжнародных адносін яны абсалютна супадаюць".
Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем канстатаваў, што кіраўнікі в'етнамскага парламента рэгулярна наведваюць Беларусь. "Вашы старшыні ў нас у Беларусі пастаянныя госці, - адзначыў ён. - Я вельмі хацеў бы, каб ваш візіт у Беларусь надаў дадатковы імпульс нашаму супрацоўніцтву па ўсіх напрамках".
У сваю чаргу Нгуен Тхі Кім Нган падкрэсліла, што рада зрабіць візіт у Беларусь. "Гэта вельмі прыгожая краіна", - сказала яна.
Старшыня Нацыянальнага сходу перадала кіраўніку беларускай дзяржавы прывітанне ад Прэзідэнта В'етнама Нгуен Фу Чонга і запрашэнне яшчэ раз наведаць гэту краіну.
Парламенцкая дэлегацыя В'етнама наведвае Беларусь 12-14 снежня. У час візіту адбудуцца сустрэчы дэлегацыі са спікерамі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Наталляй Качанавай і Уладзімірам Андрэйчанкам, прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам.
Парламентарыі В'етнама плануюць наведаць Мінскі аўтамабільны завод і прадпрыемства "Адані", якое выпускае надгляднае рэнтгенаўскае, медыцынскае рэнтгенадыягнастычнае абсталяванне, настольныя аналітычныя прыборы. У праграме візіту таксама наведванне сярэдняй школы нумар 201 Мінска.
Тавараабарот паміж краінамі ў студзені-верасні склаў $153,4 млн (за ўвесь 2018-й - каля $115 млн), пры гэтым беларускі экспарт дасягнуў амаль $84 млн. Беларусь пастаўляе ў В'етнам калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, трактары, кар'ерныя самазвалы, шыны, поліаміды, рухавікі, лякарствы, вырабы з металаў, мяса-малочную і алкагольную прадукцыю. З В'етнама імпартуюцца мабільныя тэлефоны, офіснае абсталяванне, морапрадукты, рыс, арэхі, вырабы лёгкай прамысловасці, натуральны каўчук, перапрацаваныя трапічныя фрукты, чай, кава.