Гадзіна Зямлі - гэта міжнародная акцыя, падчас якой Сусветны фонд дзікай прыроды заклікае выключыць святло і бытавыя электрапрыборы на адну гадзіну ў знак неабыякавасці да будучыні планеты. У гэты ж час згасае падсвятленне самых вядомых будынкаў і помнікаў свету. У гэтым годзе акцыя пройдзе ў Беларусі ўжо ў 13-ы раз. Мэта Гадзіны Зямлі не ў тым, каб зэканоміць электрычнасць. Дадзеная акцыя - гэта сімвал беражлівых адносін да прыроды. З году ў год гэта мерапрыемства дазваляе прыцягнуць увагу да неабходнасці адказнага стаўлення да прыроды.
Сёння Гадзіна Зямлі - гэта самая масавая экалагічная акцыя на планеце. Беларусь не застаецца ў баку. Так, толькі ў Мінску традыцыйна адключаецца падсвятленне такіх знакавых аб'ектаў, як Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Беларуская дзяржаўная філармонія, Нацыянальны мастацкі музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падсвятленне ЦУМа, гандлёвага цэнтра «Сталіца» , гасцініцы «Беларусь» і інш.
Паколькі гэта абсалютна добраахвотная акцыя, людзі самі вырашаюць, колькі і якія электрычныя прыборы яны выключаць. Арганізатары акцыі ў мэтах бяспекі не рэкамендуюць адключаць вулічнае асвятленне, аэранавігацыйныя агні і святлафоры.
Выключыць святло на гадзіну - вельмі проста, але нават за такім сімвалічным дзеяннем стаiць магчымасць дапамагчы планеце, змяніўшы свае штодзённыя звычкі.
Як? Напрыклад, эканомна расходаваць электраэнергію і цяпло, беражліва адносіцца да вады і зрабіць выбар на карысць другаснай перапрацоўкі паперы і іншых матэрыялаў, тым самым скарачаючы выкіды парніковых газаў.